Допуск беларусаў і расіян на Алімпіяду-2024 пакуль не абмяркоўваецца — МАК
Спорт і руіны ва Украіне / facebook.com/nikolay.synelnykov
Міжнародны алімпійскі камітэт вымушаны зноў тлумачыць сваю пазіцыю па спартсменах з Беларусі і Расіі і планах іх магчымага допуску да міжнародных спаборніцтваў. Тыдзень таму МАК паведаміў пра абмеркаванне магчымых крытэрыяў вяртання беларусаў і расіян у сусветны спорт, што выклікала абурэнне найперш у Кіеве. Ва Украіне, як і ў Латвіі не выключаюць байкот Алімпіяды ў Парыжы. МАК жа прапаноўваў нейтральны статус для спартсменаў з РБ і РФ, строгую праверку па допінгу і наяўнасць антываеннай пазіцыі.
Цяпер жа Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што працягваць поўнае адхіленне беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў не дазваляе пазіцыя ААН наконт "дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце", а таксама "прынцыпы алімпійскага руху". Адзначаецца, што гаворкі пра допуск беларусаў і расіян да Алімпіяды 2024 года няма. Ідуць кансультацыі толькі па іх допуску да спаборніцтваў у Азіі. Нават калі спартсменаў з РБ і РФ дапусцяць да Алімпіяды, то "пасля жорсткай праверкі" і выключна пад нейтральным сцягам. Рашэння наконт механізмаў падзелу спартсменаў на нейтральных і тых, хто падтрымлівае вайну ва Украіне, яшчэ няма. Асноўная праблема — камандныя віды спорту. Заяўляецца, што ніякага спецадбору для беларусаў і расіян, якія прапусцяць кваліфікацыю да Алімпіяды, арганізоўваць не будуць.
МАК засмучаны заявамі пра магчымы байкот Алімпіяды, якія гучаць з Кіева. Пры гэтым падкрэслівае, што захоўвае салідарнасць з Украінай і яе спартсменамі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна эмацыйна запрасіў прэзідэнта МАК Томаса Баха ў Бахмут. Ехаць туды той пакуль не плануе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.