Другі самагубца за 5 гадоў. Што вядома пра часць у Слоніме, дзе павесіўся салдат
5 верасня ў вайсковай часці №33933 у Слоніме знойдзены павешаным радавы А.В. Арлоў. Прадстаўнікі Міністэрства абароны паведамляюць, што прычынай суіцыду сталі асабістыя абставіны, не звязаныя з вайсковай службай.
Хлопцу было 20 гадоў. Ён прызваны на тэрміновую службу ваенкаматам Карэлічскага і Навагрудскага раёнаў. Служыць яму заставалася прыкладна паўгода. Значыць, вайсковую прысягу ён прымаў у снежні 2017-га. Паглядзіце гэтае відэа тэлеканала Slonim LIVE. На ім прымаюць вайсковую прысягу навабранцы з леташняга восеньскага прызыва. Сярод гэтых хлопцаў — радавы Арлоў, якога праз год знойдуць у пятлі.
У той дзень у Слоніме прынялі прысягу больш за 300 навабранцаў.
Вайсковая часць, у якой служыў А.В. Арлоў, раней неаднаразова трапляла ў навіны. Прычым нагоды, збольшага, былі сумныя.
Другі самагубца за 5 гадоў
У вайсковай часці №33933 базуецца 11-я Гвардзейская асобная механізаваная брыгада. У 2012 годзе яна заняла першае месца сярод механізаваных брыгад у беларускіх Узброеных сілах.
А праз год, у снежні 2013 года, у часці №33933 знайшлі павешаным 20-гадовага вайскоўца тэрміновай службы. Хлопца звалі Дзянісам. Следчы камітэт паведамляў, што цела знойдзена на тэрыторыі парка тэхнікі. Радавы павесіўся на кабіне экскаватара.
Асноўнай версіяй (актуальнай і на сёння), якую разглядалі падчас разбіральніцтва па гэтым выпадку, было самагубства па асабістых матывах. Нібыта Дзяніс пасварыўся са сваёй дзяўчынай, яна яго кінула, і ён вырашыўся на суіцыд. Дзяўчына, на якую павесілі ўсіх сабак, адмаўляла сваю віну. Бацькі таксама не верылі ў гэтую версію. Аднак следства не памяняла свайго рашэння.
Вайсковец згарэў у танку
У лютым 2009 года ў парку тэхнікі 11-й механізаванай брыгады загарэўся танк Т-72. Пажар быў хутка ліквідаваны, але ў выніку ўзгарання апёкі рознай ступені цяжкасці атрымаў экіпаж баявой машыны. Адзін з салдатаў неўзабаве памёр ад атрыманых апёкаў.
Ціск на слонімскую газету
Недзяржаўнае выданне "Газета Слонімская" ўвосень 2017 года надрукавала артыкул пра дзедаўшчыну ў войску. У тым ліку, у тэксце ішла гаворка пра вайсковую часць №33933. Між іншага, адна з крыніц газеты — маці прызыўніка — распавядае, што ўжо збірае грошы, каб “адмазваць” сына ад "дзядоў".
Пасля гэтага артыкула ў рэдакцыю "Газеты Слонімскай" прыйшлі з праверкай. У суправаджэнні міліцыянта ў рэдакцыю завіталі адразу восем чалавек: сацыяльны работнік, пажарны, супрацоўнікі электрасетак, газавай службы і іншых устаноў. Журналістаў папрасілі напісаць тлумачальныя наконт таго, як рыхтавалася публікацыя.