"Дуэт Ціхановіча і Паплаўскай быў першым па папулярнасці пасля "Песняроў""
У Мінску развіталіся з Аляксандрам Ціхановічам. Грамадзянская паніхіда адбылася ў сталічнай філармоніі. Праводзіць у апошні шлях народнага артыста Беларусі прыйшлі тысячы мінчан, прыхільнікаў творчасці артыста, а таксама чыноўнікі, калегі, родныя і сябры.
На думку народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі, якая шмат гадоў прапрацавала поруч з Аляксандрам Ціхановічам і Ядзвігай Паплаўскай, пасля "Песняроў" дуэт быў першым па папулярнасці. Сам жа Аляксандр, успамінае тэлевядучая, быў "чалавекам незвычайнай дабрыні":
"Ён нікому не адмаўляў. Увогуле яны шмат каму дапамагалі з Ядзяй. Яны выхавалі цудоўную дачку Насцю. Мы сапраўды шмат працавалі на эстрадных пляцоўках, шмат ездзілі па краіне, я бачыла, як іх успрымаюць, як іх сустракаюць — гэта быў гонар. Шкада, канечне. Але ўлічваючы самаадчуванне Сашы ў апошні час, думаю, яму там будзе добра".
Аляксандр Ціхановіч памёр ад цяжкой хваробы 28 студзеня. Яго пахаваюць на Усходніх могілках.