Двух расіян затрымалі за выраб і збыт наркотыку ў Беларусі
Сталічныя наркакантралёры разам з калегамі з Барысава затрымалі двух расіян, якія выраблялі і збывалі ў Беларусі асабліва небяспечныя наркотыкі.
Як паведамляе сайт сталічнай міліцыі, у рукі праваахоўнікам трапілі 24-гадовы і 25-гадовы ўраджэнцы расійскага горада Іркуцка.
Маладыя людзі арандавалі кватэру ў Барысаве, а ў ёй зладзілі лабараторыю па сінтэзе асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. Вырабленыя нароктыкі яны потым прадавалі. Аператыўнікі выявілі і канфіскавалі ў арандаванай кватэры больш за шэсць кілаграмаў псіхатропных рэчываў, а таксама вакуумную помпу, лабараторны прыбор для кандэнсацыі, 8 лабараторных колбаў, магнітную мяшалку, 11 палімерных ёмістасцяў з вадкасцямі, 6 палімерных пакетаў з ппарашакападобнымі рэчывамі белага колеру.
Паведамляецца, што старэйшы з напарнікаў раней жыў у Іркуцку, некаторы час працаваў у кухарам у Санкт-Пецярбургу. Але потым ён вырашыў шукаць лепшага жыцця і прыехаў у Беларусь. Спярша жыў у Гомелі, потым пераехаў у Барысаў. Хлопец зняў кватэру, у якой арганізаваў наркалабараторыю. Сваякам і знаёмым ён казаў, што піша ў Беларусі дысертацыю па экалогіі.
Потым хлопец запрасіў у наркабізнэс свайго 24-гадовага прыяцеля з Іркуцка. Вырабленыя наркотыкі яны збывалі ў Барысаве буйнымі партыямі — па 50-100 грамаў. Нелегальны бізнэс расіян прасінаваў некалькі месяцаў.
Цяпер на іх пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў.