“Дынама-Мінск”: Пасля затрымання Чыжа з офіса клуба нічога не выносілі

“Дынама-Мінск”: Пасля затрымання Чыжа з офіса клуба нічога не выносілі

Як толькі Юрый Чыж трапіў у СІЗА КДБ, з’явіліся здагадкі, што ФК “Дынама-Мінск” апынуўся пад пагрозай знікнення. Рэч у тым, што бізнесмен займае пасаду старшыні назіральнай рады бела-блакітных. Непасрэдна ад Чыжа залежыць фінансаванне клуба. Вядома, што пытанні пакупкі футбалістаў і іх пераход у іншыя клубы у многім залежалі ад пазіцыі бізнесмена.  

Ці паўплывала гучнае затрыманне на сітуацыю ў футбольным клубе? Кіраўнік дынамаўскай прэс-службы Васіль Князюк паведамляе Еўрарадыё, што асноўная каманда, дублёры і дзіцячыя школы працуюць па ранейшым графіку.

“Чуткі з інтэрнэта пра тое, што ў нас нешта вынеслі-забралі абвяргаем. Можаце прыйсці і паглядзець. Працуем у абсалютна спакойным рэжыме, як і да таго”, — адзначае Князюк.

Разыходзіліся чуткі, што арышт галоўнага боса нібыта імгненна ўдарыў па бюджэце клуба і да канца не вядома, ці выступіць “Дынама” ў вышэйшай лізе. Хоць працэдуру ліцэнзавання бела-блакітныя ўжо паспяхова прайшлі.

“Перагляду ніякага быць не можа. На момант прыняцця рашэння клуб адпавядаў усім крытэрам разраду “А”, якія павінны быць выкананы клубам для праходжання ліцэнзавання. Паводле рэгламенту, пытанне па ліцэнзаванні разглядаецца адзін раз”, — тлумачыць спецыфіку Андрэй Мішаеў, дырэктар дэпартамента ліцэнзавання Федэрацыі футбола.

20 сакавіка “Дынама-Мінск” згуляе першы афіцыйны матч у сезоне: з “Тарпеда-Жодзіна” ў 1/4 фінала Кубку Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі