Дырэктара РЦАП па фрыстайле звольнілі "за кепскую ідэалагічную работу"
Звольнены дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле Вадзім Крывашэеў. У каментары TUT.by ён распавёў, што яго звольнілі па 259-м артыкуле Працоўнага кодэкса за "кепскую ідэалагічную работу ў калектыве".
Перад гэтым шэраг фрыстайлістаў асудзілі дзеянні беларускай улады. Крытыку выказалі вядомыя фрыстайлісты Аляксандра Раманоўская і Дзмітрый Дашчынскі, а таксама трэнер зборнай Мікалай Казека.
Па словах Крывашэева, першыя заўвагі на свой адрас ён пачуў пасля выказванняў Раманоўскай. Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня яна сказала, што "назірае выбары, якія язык не паварочваецца назваць сумленнымі".
Пасля брутальных разгонаў мірных пратэстаў 9-11 жніўня вельмі жорсткую ацэнку ў інтэрв'ю даў Мікалай Казека.
Як кажа Крывашэеў, у некаторых фрыстайлістаў падчас гэтых разгонаў пацярпелі блізкія: "Рэч у тым, што ў 5-6 чалавек у камандзе ад дзеянняў сілавікоў так ці інакш пацярпелі сваякі ці знаёмыя".
На сустрэчы з міністрам спорту яму паведамілі пра кепскую ідэалагічную работу і прапанавалі перайсці на аналагічную пасаду ў іншы РЦАП — водна-лыжнага спорту. Аднак Крывашэеў адмовіўся.
"Як я магу казаць людзям, што пасля выбараў не было гвалту, калі ў тым, што яно было, у мяне не было сумневаў? Міністр кажа, што 60% інфармацыі ў інтэрнэце на гэты конт — фэйкі, але нават калі 40% праўда, ад гэтага не лягчэй, і майму ўспрыманню гэта не паддаецца", — заяўляе ён.
Выконваць абавязкі дырэктара РЦАП па фрыстайле бліжэйшым часам будзе намесніца дырэктара Святлана Папова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.