Надышоў ідэальны час для афармлення крэдыту. Экспертка тлумачыць чаму

Час наведаць банк

Час наведаць банк / wutwhanfoto / iStockphoto

У Беларусі назіраецца бум спажывецкага крэдытавання, падмацаваны ростам заробкаў і нізкімі стаўкамі па вяртанні. Курс беларускага рубля выглядае стабільным, і цяпер надышоў самы выгадны момант, каб узяць крэдыт. Пра гэта расказала эканамістка Аліса Рыжычэнка на стрыме Еўрарадыё.  

"Цяпер адбываецца неймаверны рост рэальных заробкаў, крэдытныя стаўкі на максімальна нізкім узроўні. Чаму б людзям, у якіх ёсць доступ да атрымання крэдыту, не аформіць яго? У далейшым, калі Нацбанк настаіць на правільных эканамічных рашэннях, у любым выпадку [банкаўскія] стаўкі па крэдытах будуць павышацца. І цяпер найлепшы час, каб браць крэдыт і нешта набываць, у тым ліку нерухомасць ці іншыя тавары, якія неабходныя".

Беларусы чакаюць, што фінансавая сітуацыя ў краіне застанецца стабільнай. І ўладам нявыгадна падрываць іх давер.

"Складана сказаць, ці пойдуць цяпер улады на зніжэнне заробкаў з улікам дэфіцыту кадраў, што прывядзе да яшчэ горшай сітуацыі [на рынку працы]. У гэтай сітуацыі ва ўладаў звязаныя рукі. Яны, можа, і хацелі б перастаць нарошчваць заробкі такімі тэмпамі, але ў іх проста няма шанцаў утрымаць людзей на працы".

Экспертка ўпэўненая, што пакуль сітуацыя будзе стабільнай, а рост заробкаў працягнецца на шкоду бюджэту.

Пры гэтым варта ўсведамляць, што сітуацыя з заробкамі і крэдытамі ў перспектыве можа змяніцца, прычым радыкальна.

"Чалавек мусіць зыходзіць са сваёй жыццёвай сітуацыі. Ад таго, дзе ён працуе, на якой пасадзе, ці ёсць у яго падушка бяспекі ў выпадку ўзяцця крэдыту. Тут трэба глядзець на галіну. Калі чалавек разумее, што ён працуе ў сферы гандлю і сітуацыя нестабільная — гэта адно. Калі браць любое прамысловае прадпрыемства, якое працуе на патрэбы ВПК, то тут сітуацыя залежыць ад патрэбаў Расіі. Але вось вайна скончыцца — і сітуацыя кардынальна зменіцца", — падкрэслівае Рыжычэнка.

Цяпер сярэдняя стаўка ў Беларусі складае 9,6%. А агульная пазычанасць насельніцтва па крэдытах — рэкордныя 8,1 мільярда рублёў.

"Цяпер ідзе бурны рост у нас, пачынаючы з лютага. Тэмпы гадавога прыросту пазычанасці па спажывецкіх крэдытах перавышаюць 40%. Гэта вельмі высокі ўзровень... Гэта пік, якога ў нашай краіне ўжо не было дастаткова доўга", — паведаміў чалец праўлення Нацбанка Аляксандр Шаўко на круглым стале па законапраекце пра спажывецкія крэдыты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі