Дзенісенка: Украіну абстрэльваюць з тэрыторыі брэсцкага аэрапорта
Расійскія войскі абстрэльваюць ўкраінскія гарады з аэрапорта ў Брэсце. Пра гэта ў тэлеэфіры заявіў дарадца кіраўніка МУС Украіны Вадзім Дзенісенка.
Верагоднасць удзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны Дзенісенка назваў нізкай. Але падкрэсліў, што агрэсія з тэрыторыі Беларусі ўжо адбываецца.
"Наступ з Беларусі ўжо фактычна ідзе, толькі не беларускай арміі. Больш за тое, расіяне пачалі выкарыстоўваць Брэсцкі аэрапорт, з якога пачынаюцца абстрэлы нашых тэрыторый", — цытуе УНІАН яго словы.
Раней з'яўляліся звесткі пра абстрэл Украіны з тэрыторыі Гомельскай і Мінскай абласцей. Акрамя таго, аэрадромы Беларусі выкарыстоўвае расійская ваенная авіяцыя, каб наносіць удары па Украіне. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заяўляе, быццам Беларусь не ўдзельнічае ў вайне.
Еўрасаюз прызнаў афіцыйны Мінск саўдзельнікам агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.