Дзевятоўскі: Мне не хочацца, каб у нас увогуле былі палітзняволеныя
Ці мае ў дэпутацкім кабінеце гантэлі, чым адрозніваецца спорт ад дэпутацкай дзейнасці — разважае спартсмен і дэпутат Вадзім Дзевятоўскі. А таксама чытае вершы.
Еўрарадыё: Вы сталі дэпутатам парламента — кар’ера спартсмена скончылася?
Вадзім Дзевятоўскі: Я яшчэ не канчаткова развітаўся са спортам. 28 гадоў аддаў кіданню молата, і нават сама думка, што застануся без любімай справы… У мяне тры прычыны не заяўляць, што я буду далей рухацца па спартовай сцежцы. Першая звязаная са спінай — за месяц да Алімпіяды я атрымаў рэцыдыў сваёй старой траўмы, нават зараз не аднавіўся канчаткова. Напярэдадні Алімпіяды лекары мне параілі не рызыкаваць з нагрузкамі, бо ўсё гэта магло скончыцца вельмі дрэнна. Ды і фізічна я не мог выкладацца цалкам, а ехаць на спаборніцтвы статыстам і забіраць месца ў маладзейшага спартсмена… “А раптам хлопцы заваююць медаль?!” — думаў я тады.
Другая прычына — допінгавыя разбіральніцтвы не даюць упэўнена разлічваць на далейшыя выступы. Я кажу пра выпадак з Іванам Ціханам. Яго пусцілі ў Алімпійскую вёску, акрэдытавалі, унеслі ў пратакол. Гэта ў той час, калі арганізатары ведалі, што з-за “афінскай праблемы” васьмігадовай даўніны да выступу яго не дапусцяць!
Еўрарадыё: А трэцяя прычына?
Вадзім Дзевятоўскі: Мая цяперашняя праца! Дзве трэніроўкі на дзень з паўнавартасным адпачынкам паміж імі — гэта немагчыма. Я ўжо паспрабаваў гэта рабіць — трэніравацца раніцай і пасля працы, але… Праца над законамі і сустрэчы з людзьмі вымотваюць ушчэнт!
Еўрарадыё: Што ж вам дае падставы спадзявацца на магчымае вяртанне ў вялікі спорт?
Вадзім Дзевятоўскі: Не маючы тых трэніровак, якія мусіць мець паўнавартасны спартсмен, я ўсё адно паказваю добрыя метры. Ды і сусветны ўзровень кідання молата відавочна пайшоў ўніз. Калі я кідаў ў Осацы на 81,5 метра — то нават не трапляў на п’едэстал. А зараз у Лондане з вынікам у 78 метраў — становіцца на п’едэстал! З улікам майго вопыту я дакладна магу разлічваць на месца пад сонцам!
Еўрарадыё: Калі рашэнне такое будзе прынятае — як быць з дэпутацтвам, складаць паўнамоцтвы?
Вадзім Дзевятоўскі: Як я магу падмануць давер людзей! На 101% я буду аддаваць працы дэпутата, а што застанецца — спорту. Прынамсі, гэтыя 4 гады я буду сумленна і якасна займацца дэпутацкай працай.
Еўрарадыё: У дэпутацкім кабінеце маеце пару “расслабляючых” гантэляў?
Вадзім Дзевятоўскі: Проста ўзяць і пабалавацца гантэлямі не магу — калі бяру, то сем патоў з сябе выганю. Пасля гэтага патрэбны душ — статус дэпутата не дазваляе потным з людзьмі сустракацца. А душа тут няма…. Насамрэч, на гэта проста нестае часу.
Еўрарадыё: Самі вы верыце ў версію, што да беларускіх спартсменаў міжнародныя структуры ставяцца прадузята?
Вадзім Дзевятоўскі: Язык хоча расказаць вам тое, што я думаю, але ці маю я права казаць тое, у чым я не ўпэўнены на 100%? Можна для папулізму, каб гэты артыкул стаў бомбай. А калі я памыляюся? Але пэўная прадузятасць у дачыненні да нашых спартсменаў ёсць — мы бачылі прыклады і падчас спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы, боксе, барацьбе. І прыклад, калі кіраўніка беларускага НАК не пусцілі на Алімпіяду ў Лондане. Што не можа не казаць аб прадузятасці стаўлення да нашай краіны.
Еўрарадыё: Ці з’яўляецца, на ваш погляд, допінг сапраўднай праблемай для беларускіх спартсменаў?
Вадзім Дзевятоўскі: У дачыненні да трэнераў, якія могуць уводзіць маладых спартсменаў у допінгавую спакусу, неабходна прымяняць крымінальную адказнасць! Бо яны не толькі губяць здароўе спартсмена — у такога спартсмена ніколі не будзе будучыні: ён без таблеткі нічога не здолее дабіцца ў прафесійным спорце. І ў жыцці ён будзе такім — чакаць дапамогі звонку і не разлічваць на ўласныя сілы. Калі зараз чую ад спецыялістаў, што нават 14-гадовымі лёгкаатлетамі ўжываецца фармакалогія, — гэта страшна. Канешне, узровень спартовых паказчыкаў сёння “зашкальвае”, і каб добрых вынікаў дабіцца, неабходна на якасным узроўні пачынаць займацца спортам з самага маленства. Я за чысты спорт, але і тут трэба падзяляць якасную фармакалогію без забароненых кампанентаў і допінг. Ні для каго не сакрэт, што ў свеце існуюць інстытуты, якія ловяць ужывальнікаў допінгу, і тыя, якія распрацоўваюць новыя прэпараты. Дарэчы, я і сёння знаходжуся на кантролі ў афіцэраў допінг-кантролю: штодня запаўняю фармуляр, дзе ўказваю сваё месцазнаходжанне і гадзіну, калі я іх буду чакаць і калі яны могуць прыйсці і ўзяць у мяне пробу. Яны могуць гэта зрабіць у любы момант.
Еўрарадыё: Вы прапаноўваеце караць трэнераў-спакушальнікаў, самі за “чысты спорт”, але мы добра памятаем разнос, які зладзіў кіраўнік НАК чыноўнікам ад спорту і трэнерам пасля апошняй Алімпіяды — як ім пасля такога не спакусіцца і не падбухторыць кагосьці са спартсменаў да ўжывання допінгу, каб толькі ўтрымацца на пасадзе?!
Вадзім Дзевятоўскі: Псіхалогію, чалавечы фактар і тое, што нехта хоча вырашыць свае праблемы такім чынам, — гэтага ніхто не адмяняў. Але нельга спрашчаць — я вам расказаў пра тую ўвагу афіцэраў допінг-кантролю ў дачыненні да спартсменаў сусветнага ўзроўню. Каб у такіх умовах спакусіцца на допінг, трэба быць самазабойцам. І тут мы вяртаемся да фактару прадузятасці: у Івана Ціхана, да прыкладу, бяруць пробу 10-15 разоў за год, а ў яго саперніка — 1-2 разы.
Еўрарадыё: Чаму выбітныя беларускія спартсмены з’язджаюць з краіны, чаму часам мы чуем, што ім ледзь жыць няма за што?
Вадзім Дзевятоўскі: Мне таксама неаднаразова паступалі прапановы з’ехаць — ад ЗША, іншых краін. Прапаноўвалі вялікія грошы. Было сорамна — падавалася, што мяне купляюць. Хоць я і ведаў, што ў мяне тады не было гэтых “допінгавых праблем”, я быў бы больш матэрыяльна незалежны. Дый у нас — калі ты маеш алімпійскі медаль, то не будзеш у галечы. Дзяржава не шкадуе грошай на тое, каб Беларусь была годна прадстаўленая на міжнародных спаборніцтвах. Можа, таму і крыўдна прэзідэнту і заўзятарам, што годных вынікаў сёння няма. Часам нават думаеш: “А ці варта столькі грошай выдаткоўваць? Няхай бы развіццё спорту ішло клубным шляхам!”. Магчыма, некалі мы да гэтага прыйдзем. Але спорт — гэта адна з найлепшых рэклам нашай краіны за мяжой. Палітыкай ды эканомікай цікавяцца далёка не ўсе, а спортам — шмат хто. Прыемна, калі за мяжой бачаць цябе ў беларускай спартовай форме, спыняюць: “О! Беларусь — Аляксандр Глеб, Вікторыя Азаранка!”
Еўрарадыё: Ідэалагічнае выхаванне ў беларускім спорце ёсць? Каб сцяг правільны любілі, свой лад жыцця баранілі? Напрыклад, Аляксандра Герасіменя з павагай выказалася наконт бел-чырвона-белага сцяга…
Вадзім Дзевятоўскі: Калі Аляксандра Герасіменя выказала свае станоўчае стаўленне, па эстэтычных меркаваннях, да бел-чырвона-белага сцяга — гэта лепшы прыклад таго, што ніхто ні на каго не цісне. Гэта яе асабістае меркаванне і густ. Але ж яна не казала, што яна супраць нейкага ладу жыцця — пад адным сцягам ці пад іншым. Ніякіх адмысловых сходаў для спартсменаў не праводзяць і не даводзяць, што трэба казаць. Сам факт таго, што яны выступаюць за Беларусь, — гэта сведчанне таго, што ў іх не трэба выхоўваць любоў да Радзімы і патрыятызм.
Еўрарадыё: Праблем не будзе нават у тым выпадку, калі нехта са спартсменаў негатыўна выкажацца наконт наяўнасці ў краіне палітзняволеных?
Вадзім Дзевятоўскі: Разумею, чаму насамрэч вы гэта пытаецеся, — у грамадстве ёсць людзі, якія ўпэўненыя ў іх наяўнасці. Я не ведаю, ці ёсць у мяне ўпэўненасць, што гэта сапраўды палітзняволеныя. Не ведаючы матэрыялаў справы, цяжка сказаць, гэта палітзняволеныя ці не палітзняволеныя. Мне не хочацца, каб у нас увогуле былі палітзняволеныя. І што яны ў нас будуць. Калі казаць пра Плошчу, то мы ведаем факты, я бачыў гэтыя факты, і калі кажуць, што гэта — палітзняволеныя, то ў мяне ўнутры ёсць сумневы, што гэта так. Я аналізаваў афіцыйную кропку гледжання, глядзеў альтэрнатыўную, і для сябе раблю выснову. Для мяне ў падзеях 19 снежня шмат цёмных плям і шмат пытанняў да арганізатараў. Для сябе, з таго, што я бачыў, я зрабіў свае высновы наконт тых падзей, а калі ў арганізатараў акцыі ёсць іншыя доказы — няхай яны іх прадставяць.
Еўрарадыё: Не спрабавалі глядзець на гэта пытанне як палітык-прагматык: вызвалім гэтых людзей, як таго патрабуе ЕС, ды наладзім добрыя адносіны з Еўропай?
Вадзім Дзевятоўскі: Я разумею, што размова ідзе пра гандаль… У той жа час тое, што нам ставяць умовы — на мой погляд, гэта ўмяшальніцтва. Гэта ўнутраная справа краіны, і, наколькі я ведаю, працэс вызвалення ідзе — на свабоду выходзяць тыя, хто напісаў прашэнне аб памілаванні. І працэс гэты будзе працягвацца.
Еўрарадыё: Прызнайцеся шчыра — вы сумленна выйгралі выбары ў парламент?
Вадзім Дзевятоўскі: Так! Прыязджайце і запытайце ў людзей! Падчас выбараў я размаўляў з прадстаўнікамі місіі АБСЕ — у іх ніякіх пытанняў да мяне не было. Я са сваім штабам працаваў 24 гадзіны ў суткі: праводзілі мітынгі, сустракаліся з калектывамі, выпускалі рэкламную прадукцыю, выступаў у дэбатах — сышліся з даверанай асобай майго апанента Аляксандрам Фядутам. Мой канкурэнт Яраслаў Берніковіч патэлефанаваў мне пасля выбараў і павіншаваў з перамогай. У нас, дарэчы, былі празрыстыя скрыні для галасавання. Калі б я ведаў, што мяне несумленна абралі, я б тут не змог працаваць!
Еўрарадыё: Спартсмен, сябра “Белай Русі”, дэпутат гарсавета, Палаты прадстаўнікоў — гэта загадзя прадуманы план кар’еры?
Вадзім Дзевятоўскі: Канешне, не! Гэта — грамадская дзейнасць, якая ідзе ад сэрца. Я пагадзіўся паўдзельнічаць у парламенцкай кампаніі толькі па шматлікіх просьбах, актыў наваполацкай арганізацыі выказаў мне давер.
Еўрарадыё: Ці цяжка вам займацца заканатворчай дзейнасцю?
Вадзім Дзевятоўскі: Дапамагае ранейшы вопыт — я працаваў дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Безумоўна, калі казаць пра колькасць законапраектаў, то немагчыма гэта ўсё якасна прапрацаваць аднаму, я не магу быць ва ўсім кампетэнтным, у мяне ёсць памочнікі, раюся са сваімі выбаршчыкамі. Вось, закон “Аб фізічнай культуры” — у гэтым я разбіраюся і тут магу рабіць кампетэнтныя заўвагі.
Еўрарадыё: Якім вы бачыце працяг сваёй палітычнай кар’еры — можа, прэзідэнцкія выбары?
Вадзім Дзевятоўскі: Я не раблю палітычную кар’еру і не маю палітычных амбіцый. Я паўгода ў парламенце і пакуль яшчэ не да канца праверыў свае сілы і здольнасці у рэалізацыі ўзятых на сябе праграм і праектаў. Але маю настрой выканаць усе абавязальніцтвы. Калі я буду сваімі справамі даказваць здольнасць выконваць абяцанні і ў ва мне людзі ўбачаць чалавека справы, то чыста тэарэтычна можна пра нешта ў палітычнай кар’еры думаць. Але я не думаю пра гэта абсалютна.
Еўрарадыё: Дарэчы, калі “Белая Русь” стане партыяй?
Вадзім Дзевятоўскі: Каля 80% сяброў пярвічных арганізацый Наваполацкай гарадской суполкі “Белай Русі” выказаліся за такое пераўтварэнне. Абмяркоўвалася гэта пытанне і на агульным з’ездзе арганізацыі. Магчыма, у недалёкай будучыні мы да гэтага пытання вернемся. Ніхто не хоча спяшацца, каб не “насмяшыць людзей”. У межах грамадскай арганізацыі мы вырашаем шмат якія пытанні, прыносім карысць грамадству, выказваем меркаванне — як сваё, так і пэўнай часткі грамадства, якое, да прыкладу, адрозніваецца ад меркавання апазіцыйных структур.
Еўрарадыё: Рэдкія спартсмены карыстаюцца беларускай мовай. Нядрэнна было б, калі б нашы спартсмены рэкламавалі Беларусь не толькі формай і вынікамі на спаборніцтвах, але і з дапамогай мовы, як вы лічыце?
Вадзім Дзевятоўскі: Я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі мы ўсе будзем размаўляць па-беларуску. Я імкнуся да гэтага і хвалююся, калі, размаўляючы па-беларуску, раблю памылкі. Але я практыкуюся. Я добра ведаю практычна ўсе творы Коласа, Купалы, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава вельмі паважаю, Уладзімір Караткевіч — гэта той чалавек, які натхняе мяне, я добра адчуваю тое, што ён адчуваў.
Еўрарадыё: Ведаю, што пішыце вершы. Пачытаеце?
Вадзім Дзевятоўскі: З задавальненнем.
Гэты верш прысвячаецца рэпрэсаваным у 30-я гады мінулага стагоддзя на беларускай зямлі.
Фота і відэа: Змітра Лукашука