Джордж Майкл: Білецёр у кінатэатры, які напісаў "Last Christmas" і "Freedom"
26 снежня ў Брытаніі памёр спявак Джордж Майкл: чалавек неверагоднай прыгажосці, які пісаў неверагодна прыгожыя песні: сярод якіх суперхіты "Last Christmas", "Careless Whisper", "Freedom", "Too Funky", "Jesus to a Child".
Джордж Майкл, сапраўднае імя якога Ёргас Кірыакам Панаёту (яго бацькі пераехалі ў Лондан з Кіпра), стаў вядомым, дзякуючы дуэту Wham!: хлопцы (Джордж і яго сябар Эндру) на сцэне граюць ролю багатых хлопцаў, якія жывуць на ўсю катушку. Цікава, што Wham! сталі першым заходнім гуртом, які даў некалькі канцэртаў у камуністычным Кітаі. Яшчэ больш цікава, што з музыкамі ледзьве не разлічыліся... роварамі.
"Мне было 18 і мы з Эндру былі пазітыўна настроеныя на будучыню, хоць у краіне была не самая лепшая сітуацыя. Але мы верылі ў свой поспех. Эндру быў сапраўдным лянівым вырадкам. Ён не хацеў працаваць. А я працаваў адразу на дзвюх працах. Было вельмі цяжка, але я атрымліваў £ 70 у тыдзень і для мяне гэта было як выкананне ўсіх маіх жаданняў. Я аддаваў бацькам £ 25, а астатнія былі маімі. У мяне больш не было турбот, я быў незалежным. І калі б дома здарылася якое-небудзь дзярмо, то я змог бы зняць сабе кут і жыць асобна.
Гэта быў 1981 год. Увесь гэты год я шмат працаваў. Але, напэўна, гэта быў самы шчаслівы год у маім жыцці. Тады ж я напісаў некалькі песень, якія пабудавалі нашу кар'еру ў далейшым. Адной з іх была "Wham Rap".
Я быў рабочым на будоўлі. Але даволі хутка я страціў гэтае месца, пасля таго як да жудасці напіўся на Дні нараджэння маёй дзяўчыны і на наступную раніцу проста не змог устаць з ложка. Я быў дыджэем, я быў білецёрам у кінатэатры. Апошняя праца была выдатнай. Адзінай праблемай было тое, што даводзілася глядзець адны і тыя ж фільмы па тры тыдні кожны дзень. Я ведаў на памяць дыялогі усіх акцёраў і забаўляўся тым, што сінхронна адкрываў рот разам з імі і разыгрываў сцэнкі з фільмаў", ― узгадваў музыка.
Але праз пяць гадоў каманда распадаецца, і Джордж прымае рашэнне засяродзіцца на сольнай кар'еры з "дарослай" музыкай.
Яго першы альбом "Faith" 1987 года разыходзіцца тыражом у 16 мільёнаў копій, атрымлівае "Грэмі", а Bіllboard называе яго найбольш прадаваным у ЗША. А вось другая кружэлка апынаецца менш паспяховай, і Майкл абвінавачвае ў правале кампанію Sony, маляў, кампанія ўкладвае мала грошай у рэкламу дыска. У выніку спявак падае у суд на Sony, аднак прайграе яго. Тады ён проста чакае заканчэння кантракта з Sony, нічога не выпускаючы.
У 1996 годзе Майкл выпускае вельмі ўдалы лонгплэй "Older", у якім самастойна выконвае большасць партый.
Аднак паралельна музыка перажывае непрыемнасці: яго затрымлівае паліцыя за спробу прыставаць у грамадскім туалеце да мужчыны, які аказваецца паліцэйскім у штацкім. Тады ж Майкл здзяйсняе камін-аўт, прызнаўшыся ў нетрадыцыйнай арыентацыі. У 2000-х Джордж Майкл пастаянна трапляе ў гісторыі з наркотыкамі і змагаецца з дэпрэсіяй.
У 2011-м падчас турнэ "Symphonica Tour" трапляе ў бальніцу ў цяжкім стане, з-за складанай формы пнеўманіі яго падключаюць да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, дактары прагназуюць страту голасу. Але Майкл здолее цалкам узнавіцца:
"Калі я прачнуўся, першае, што я сказаў медсястры: "Я кароль свету!"", ― потым скажа музыка.
Дарэчы, Джордж Майкл становіцца першым папулярным музыкам, які грае ў Парыжскай Оперы:
"Ну, калі я ўжо класік поп-музыкі, то чаму б мне не скарыць класічныя пляцоўкі, якія адпавядаюць майму статусу".
Папярэдняй прычынай смерці 53-гадовага Джорджа Майкла называюць сардэчную недастатковасць.