Дзірка ў расійскім бюджэце будзе расці: ці знойдуцца грошы на вайну і Лукашэнку?
Рэсурсы Расіі будуць скарачацца, але выстарчыць іх надоўга / Reuters
У ліпені дэфіцыт расійскага бюджэту стаўся самым вялікім за апошнія 11 гадоў. Нягледзячы на сур'ёзныя праблемы, запасы яшчэ ёсць. І нават на дапамогу Лукашэнку.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, наколькі сур'ёзная нястача грошай у Расіі і як доўга Пуцін зможа свабодна фінансаваць вайну ва Украіне і падтрымліваць беларускі рэжым.
Санкцыі працуюць: падаткі моцна праселі
Расійскі Мінфін пайшоў шляхам беларускіх калег і схаваў частку статыстыкі. Усё ж па ўрэзаных звестках зразумела, што праблемы ёсць, адзначае былы намеснік міністра фінансаў і былы намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Сяргей Аляксашанка. Дэфіцыт бюджэту ў ліпені склаў 892 млрд расійскіх рублёў — каля $14,7 млрд.
У ліпені расійскі бюджэт атрымаў на 26% менш, чым у ліпені 2021 года. Падалі нафтагазавыя даходы, паступленні ад ПДВ, акцызаў, падатку на прыбытак. Пры гэтым расійскія ўлады павялічылі расходы: на 25% у параўнанні з ліпенем 2021 года, адзначае Аляксашанка.
Па выніках сямі месяцаў 2022 года даходы Расіі ўсё ж перавышаюць расходы на 482 млрд расійскіх рублёў, што амаль $8 млрд. Але бюджэт будзе станавіцца ўсё больш дэфіцытным на працягу года, лічыць расійскі эканаміст, кіраўнік Цэнтра даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіслаў Іназемцаў.
— Не думаю, што гэта працягнецца ў такім самым [хуткім. — Еўрарадыё] тэмпе. Здаецца, у пачатку квартала былі дадатковыя расходы, звязаныя з індэксацыяй даходаў і гэтак далей.
У кожным разе знізіцца аб'ём расійскіх паставак за мяжу. Плюс эканамічная актыўнасць у краіне будзе падаць і бягучыя падатковыя паступленні таксама будуць скарачацца. А расходы застануцца на вельмі высокім узроўні ў сувязі з вайной ва Украіне і неабходнасцю дзяржаўнай падтрымкі эканамічных праграм.
"Грошай на вайну хопіць надоўга"
Сяргей Аляксашанка ў гутарцы з Еўрарадыё заяўляе, што "грошай на вайну ў Расіі хопіць яшчэ на доўгі час". Такой жа думкі Уладзіслаў Іназемцаў:
— У апошнія гады не было бюджэтнага дэфіцыту, які не быў бы пакрыты з рэзервовых фондаў. Ужо былі заявы, што каля двух трыльёнаў рублёў [амаль $33 млрд. — Еўрарадыё] сёлета будзе ўзята з Фонду нацыянальнага дабрабыту на фінансаванне бюджэту.
У пачатку жніўня 2022 года ў Фондзе нацыянальнага дабрабыту было 12,2 трлн рублёў — прыкладна $201,1 млрд. Сёлета грошы там відавочна не скончацца. Калі некалі іх стане недастаткова, то расійскі ўрад можа павялічваць дзяржаўны доўг.
Дэфіцыт бюджэту не паўплывае на падтрымку Пуціным беларускага рэжыму, мяркуе Уладзіслаў Іназемцаў.
— Мяркуючы па ўсім, Пуцін катэгарычна не збіраецца Лукашэнку здаваць. Сярэдні аб'ём запазычанняў Беларусі ў Расіі ў апошнія гады складае дзесьці два-тры мільярды долараў у год. Нават калі Беларусі спатрэбіцца сума ўдвая большая, гэта ўсё роўна вельмі няшмат на фоне выдаткаў на вайну. Яны складаюць каля 300-400 мільёнаў долараў у дзень. Таму знайсці некалькі мільярдаў долараў для беларускага рэжыму не будзе праблемай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.