Дзяржава падтрымае неназваныя прадпрыемствы 200 млн долараў
Дзяржава падтрымае неназваныя прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка днямі падпісаў указ № 513 "Аб стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча асобных прамысловых арганізацый". Дакумент 25 снежня афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Пяць з дзевяці пунктаў гэтага ўказа не раскрываюцца, бо маюць абмежавальны грыф "Для службовага карыстання", адзначае БелаПАН. Пры гэтым дакументам удакладняюцца паказчыкі рэспубліканскага бюджэту на 2015 год у частцы павелічэння ліміту ўнутранага дзяржаўнага доўгу Рэспублікі Беларусь на 4 трлн рублёў (гэта больш за 200 млн долараў).
Адзначаецца таксама, што "вінаватыя дзеянні службовых асоб, што выразілася ў неналежным або несвоечасовым выкананні норм гэтага ўказа, што пацягнула прычыненне ўрону дзяржаўнай уласнасці або істотнага ўрону дзяржаўным або грамадскім інтарэсам, пры наяўнасці падстаў цягнуць крымінальную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам".
Кантроль за выкананнем указа ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю. Дакумент набыў моц з дня яго падпісання.
Нагадаем, 7 снежня на нарадзе аб планах развіцця на наступны год Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай, калі не сказаць горш". Пазней, выступаючы перад дэпутатамі ў Палаце прадстаўнікоў, прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў, што падрыхтаваныя праекты рашэнняў па кропкавай падтрымцы яшчэ некалькіх беларускіх прадпрыемстваў.
Фота: БЕЛТА