Дзярждума Расіі разгледзіць пытанне рэструктурызацыі крэдыту пад БелАЭС

Беларуская АЭС у Астраўцы / Еўрарадыё​
Беларуская АЭС у Астраўцы / Еўрарадыё​

Пратакол аб рэструктурызацыі крэдыту, які Расія выдала Беларусі пад будаўніцтва БелАЭС, унесены на разгляд у Дзярждуму, паведамляе БелаПАН.

Размовы пра тое, што ўмовы крэдыту мусяць быць перагледжаныя, ідуць ужо некалькі гадоў. У верасні 2018 года на сустрэчы ў Сочы Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін дамовіліся, што тэрмін вяртання гэтага крэдыту будзе павялічаны, а працэнтная стаўка па ім зніжаная. Тады гаворка ішла пра зніжэнне стаўкі прыкладна да 3%.

У дакуменце, які паступіў у Дзярждуму, гаворыцца пра 3,3%. Акрамя таго, пратакол прадугледжвае падаўжэнне тэрміну выкарыстання крэдыту на два гады — да канца 2022-га — і перанос на тыя ж два гады даты пачатку пагашэння асноўнага доўгу — з 1 красавіка 2021 года на красавік 2023 года.

"У абгрунтаванне сваёй просьбы аб пераглядзе ўмоў вяртання крэдыту беларускі бок спаслаўся на зніжэнне ўзроўню сусветных цэнаў на нафту і газ, а таксама перанос тэрміну ўводу ў эксплуатацыю энэргаблокаў № 1 і № 2 атамнай станцыі з 2018 на 2022 год", — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы.

Першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі запусцілі ў лістападзе, а сярэдзіне студзеня вывелі на стоадсоткавы ўзровень магутнасці. Аднак за гэтыя некалькі месяцаў энергаблок ужо некалькі разоў адключалі ад сеткі. Як мінімум адзін раз — праз тое, што псаваліся трансфарматары.

Міжурадавае пагадненне аб прадстаўленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва БелАЭС было падпісанае ў лістападзе 2011 года і прадугледжвала выдзяленне Беларусі сумы да 10 млрд долараў. Па стане на 1 верасня 2020 года Мінск выкарыстаў з гэтай сумы толькі 4,5 млрд долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі