Першы блок БелАЭС зноў запусцяць на наступным тыдні
Беларуская АЭС / Еўрарадыё
Першы блок Беларускай АЭС, які 7 лістапада ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Аляксандр Лукашэнка, праз некалькі дзён спынілі праз паломку абсталявання. Гэта папярэдняя прычына. Але менавіта яе агучыў кіраўнік праекта будаўніцтва БелАЭС Віталь Палянін у інтэрв'ю выданню "Коммерсант".
"У нядзелю, 8 лістапада, блок быў пазапланава адключаны ад сеткі дзеяннем электрычнай абароны", — расказаў ён. Пры гэтым Палянін адзначыў, што гэта не крытычная сітуацыя, а "абсалютна рабочая для гэтага этапу ўводу блока ў эксплуатацыю".
"Папярэдне было выяўлена, што з ладу выйшлі трансфарматары напружання з вымяральнай схемы абароны блокавага трансфарматара ў выніку ўнутранага кароткага замыкання", — расказаў ён.
Палянін падкрэсліў, што зламаліся італьянскія трансфарматары. Цяпер іх мяняюць на расійскія. І ўжо ў пачатку наступнага тыдня першы энергаблок зноў плануюць уключыць у сетку. Па словах Паляніна, гэтая сітуацыя не паўплывае на графік вываду блока ў прамысловую эксплуатацыю.
"Мы ўпэўненыя, што ў першым квартале 2021 года блок перадамо беларускім калегам", — сказаў ён.
Нагадаем, чыноўнікі беларускага Міністэрства энергетыкі не адразу пацвердзілі інфармацыю аб спыненні энергаблока, а затым заявілі, што праграма запуску Беларускай АЭС прадугледжвала "часовае спыненне вытворчасці электраэнергіі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.