Дзяўчынка, якую высадзілі з аўтобуса ў Дзяржынску, не змагла апазнаць кантралёра
Дзяўчынка, якую высадзілі з аўтобуса ў Дзяржынску, не змагла апазнаць кантралёра. І гэта пры тым, што кантралёр у парку "Мінаблаўтатрансу" працуе толькі адзін. Як паведамляе тэлеканал "Беларусь 1", апазнанне праходзіла ў чацвер. Па словах дырэктара, дзяўчынка тройчы спрабавала і кожны раз сваю крыўдзіцельку не апазнала. Дырэктар кажа, што акрамя аднаго кантралёра, у іх працуюць шэсць кандуктараў.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў нядзелю каля 16.20. 10-гадовая дзяўчынка вярталася дахаты ад сваёй цёткі, ехала з аднаго канца горада ў іншы на аўтобусе, які мае кругавы маршрут. Школьніцу высадзілі на ўскраіне горада, нібыта, з-за таго, што яна забылася даведку з месца вучобы. Аднак у сюжэце "Беларусь 1" адзначылі, што гэтая даведка ў нядзелю не дае права на бясплатны праезд. Дзяўчынка апынулася ў бязлюдным і незнаёмым месцы, разгубілася і заплакала. Пасля яна патэлефанавала маці, якая чакала яе на прыпынку каля дома. Яна прыехала і забрала дачку.
Рашэнне пра тое, якое пакаранне чакае кантралёра (раней паведамлялася, што дзяўчынку высадзіла кандуктар), чакаецца "дзён праз 15". А пакуль парк прынёс школьніцы і яе маці прабачэнні.