Экс-дырэктара гімназіі асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады
Два гады зняволення з адтэрміноўкай у два гады і канфіскацыя маёмасці — такі прысуд быў вынесены экс-дырэктару беларускамоўнай гімназіі №4 Юрыю Бандарэнку, перадае Радыё "Свабода".
Суд прызнаў Бандарэнку вінаватым у атрыманні хабару. Таксама яму на пяць гадоў забаранілі займаць кіраўнічыя пасады.
Як паведамлялася раней, Бандарэнка на судзе прызнаў сваю віну. Ён вымагаў з бацькі вучня хабар за тое, каб залічыць яго ў гімназію па-за конкурсам. Сам падсудны тлумачыў: "Не ведаю, што на мяне найшло". Ён заявіў на судзе, што хабар узяў упершыню ў жыцці. Падчас перадачы хабару дырэктара затрымалі супрацоўнікі КДБ.
У ліку маёмасці, якую павінны канфіскаваць у экс-дырэктара, — два аўтамабілі, загарадны дом і лецішча, зямельны ўчастак ў Валожынскім раёне, кватэра ў Мінску.