Экс-прэзідэнт Кыргызстана прызнаўся, што адстрэльваўся ад спецназу
У Кыргызстане працягваецца супрацьстаянне прыхільнікаў экс-прэзідэнта Алмазбека Атамбаева і сілавікоў, якія яго спрабавалі затрымаць. 7 жніўня спецназ паспрабаваў штурмам захапіць яго рэзідэнцыю ў населеным пункце Кой-Таш у 20 кіламетрах ад сталіцы Бішкека.
Атамбаеў быў прэзідэнтам у 2011-2017 гадах. Два гады таму выбары выйграў Сааранбай Жээнбекаў. Летам 2019-га ўзнікла карупцыйная справа, па якой праходзіць экс-прэзідэнт. Нібыта ён мае дачыненне да карупцыі падчас мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека, да вызвалення па падробленых медыцынскіх дакументах крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева. Алмазбека Атамбаева пазбавілі недатыкальнасці. Паколькі ён адмаўляўся з'явіцца на допыты ў якасці сведкі, было прынятае рашэнне аб яго затрыманні. Экс-прэзідэнт абвяргае абвінавачанні. Дарэчы, яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Спецназ уварваўся ў будынак, але атаку адбілі шматлікія прыхільнікі Атамбаева, якія ўзброіліся палкамі і камянямі. Спецназ адступіў, шэсць спецназаўцаў узялі ў закладнікі і жорстка збілі.
Улады Кыргызстана сцвярджаюць, што абаронцы экс-прэзідэнта прыкрываліся жывым шчытом з жанчын і дзяцей. А спецназ выкарыстоўваў толькі гумавыя кулі. Алмазбек Атамбаеў заявіў, што ён страляў падчас атакі на рэзідэнцыю (па адной з версій, у яго была снайперская вінтоўка), але стараўся не трапляць у спецназаўцаў. Пацярпелі больш за паўсотні чалавек, загінуў спецназавец, у яго засталіся чацвёра дзяцей. Генпракуратура распачала крымінальную справу па фактах масавых беспарадкаў і хуліганства.
8 жніўня ў Кой-Таш працягваецца супрацьстаянне. Атамбаеў па-ранейшаму застаецца на волі пад аховай соцень сваіх прыхільнікаў, якія пабудавалі барыкады.
Улады Кыргызстана не выключаюць, што беспарадкі могуць пачацца і ў Бішкеку. Каля дзяржаўных устаноў з'явіліся блокпасты.
Пра падзеі ў Кыргызстане можна пачытаць тут.