Эксперт: Асобаў у “чорны спіс” прапаноўваюць, кіруючыся ўласнымі амбіцыямі

Імя трэцяга новага фігуранта спіса неўяздных на тэрыторыю ЕС — Аляксандр Лапатка. Прычым, у самім спісе ён пазначаны як намеснік начальніка Мазырскай калоніі. Што не зусім так — Лапатка ўзначальвае калонію ў Горках. Былы яе арыштант Зміцер Дашкевіч кажа, што Лапатка ніколі не аказваў ціску на зняволеных, гэтым займаўся іншы прадстаўнік адміністрацыі, Петраковіч. Але нядаўна Лапатку зрабілі кіраўніком. Магчыма, гэтая акалічнасць і зрабіла яго “невыязным”. Хоць у калоніі, расказвае Дашкевіч, мала што памянялася, рэпрэсіямі па-ранейшаму кіруе Петраковіч.

“Як было ў Горацкай калоніі, так і засталося. Петраковіч усе рэпрэсіі ў дачыненні да зняволеных і здзяйсняе. А Лапатка, відаць, патрапіў у гэты спіс бо зрабіўся кіраўніком калоніі, замяніўшы на гэтай пасадзе былога начальніка Кавалёва, які займаў пасаду з 2011 года”, — распавядае былы палітвязень.

Не разумеюць, чаму ў “чорны спіс” Еўрасаюза трапіў Аляксандр Лапатка, і праваабаронцы. Андрэй Бандарэнка з “Платформы” ужо шмат гадоў сочыць за выкананнем правоў зняволеных беларускіх калоній і турмаў. Гаворыць, што пра Лапатку чуў толькі станоўчыя водгукі.

“Што тычыцца Лапаткі з 9-ай калоніі, то я вельмі мала пра яго ведаю. Усё, што мы ведаем, гэта станоўчыя водгукі. А вось, што тычыцца кіраўніцтва Бабруйскай калоніі, то там санкцыі абсалютна абгрунтаваныя”.

Над унясеннем у “чорны спіс” начальніка бабруйскай калоніі Аляксандра Какуніна і яго намесніка Юрыя Трутко Бандарэнка разам з паплечнікамі працаваў не адзін год. Расказвае, што яго арганізацыя збірала сведчанні аб парушэннях і дасылала ў еўрапейскія амбасады і прадстаўніцтвы. Асаблівае значэнне тут мела ўзмацненне ціску на Алеся Бяляцкага, якога пазбавілі перадач і сустрэч з роднымі, фактычна, цалкам ізаляваўшы ад навакольнага свету.

Што тычыцца Аляксандра Лапаткі, то, на думку Бандарэнкі, яму мог нехта адпомсціць. Праваабаронца мяркуе, што некаторыя фігуранты “чорнага спіса” Еўрасаюза трапілі туды не праз свае злачынствы, а праз амбіцыі і крыўды тых, хто прапаноўвае кандыдатаў у гэты спіс.

“Гэта ўсё наступствы таго, што большасць людзей, якія маюць дачыненне да складання спісаў невыязных, гэта былыя палітвязні. Людзі, якія свае дзеянні засноўваюць не на нейкіх законных патрабаваннях, а на ўласных крыўдах і амбіцыях”.

Тым часам Мая Качыянчыч, спікер высокага прадстаўніка Еўракамісіі па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, гаворыць, што ўсе новыя фігуранты “чорнага спіса” ЕС трапілі туды за парушэнні правоў чалавека.

"Што да прычынаў, з якіх унесеныя змены. Мы дадалі ў "чорны спіс" траіх чалавек за парушэнні правоў чалавека".

У чым менавіта выявіліся гэтыя парушэнні, на жаль, не ўдакладняецца. Невядома таксама, што трэба цяпер зрабіць Аляксандру Лапатку, каб зноў атрымаць магчымасць вольна перамяшчацца па Еўропе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі