Эксперт: Калі Мінску і будзе аказаная дапамога, то толькі таемным чынам

Еўрарадыё: Прымаючы даверныя граматы ў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Літвы ў Беларусі Эвалдаса Ігнатавічуса, Лукашэнка заявіў: “Разлічваем, што літоўскае старшынства ў ЕС у другой палове 2013 стане перыядам актыўнай нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін”. Ці можа ён сапраўды на гэта разлічваць?

Гінтаўтас Мажэйкіс: Калі афіцыйнаму Мінску ў гэтым і будзе аказаная дапамога, то толькі таемным чынам. І, магчыма, зоймуцца гэтым толькі асобныя прадстаўнікі літоўскага істэблішменту. Літоўская палітычная эліта вельмі розная, і ў іх вельмі вялікая розніца па розных пытаннях. А на афіцыйным ўзроўні будзе вельмі складана нейкім чынам падтрымліваць рэжым Лукашэнкі. З гэтага боку для яго ніякіх уваходаў няма. Грамадскае меркаванне і левых, і правых практычна аднолькава вельмі дрэннае наконт аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. І цяжка сабе нават ўявіць, каб хто-небудзь, які-небудзь сур’ёзны палітык, публічна выказаў меркаванне наконт не таго, каб падтрымліваць рэжым Лукашэнкі, але нават яго атачэння. А вось у “ценявым рэжыме”, на ўзроўні другіх людзей у міністэрствах магчымыя нават вельмі інтэнсіўныя перамовы з абодвух бакоў.

Еўрарадыё: Але што для нармалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносінаў дадуць, хай сабе і інтэнсіўныя, перамовы на такім узроўні?

Гінтаўтас Мажэйкіс: Найперш, ён не пагоршыць эканамічных адносінаў з Еўрасаюзам. Еўрасаюз у сваіх абмежаваннях заўсёды спрабаваў аддзяліць візавы пераслед, так званага “чорнага спісу Лукашэнкі”, і адносіны з усімі астатнімі ў Беларусі. Гаворка заўсёды ішла пра тое, якім чынам зрабіць больш актыўную камунікацыю паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, у тым ліку — Беларуссю і Літвой, на ўзроўні па-за “спісамі неўязных”. Каб простыя грамадзяне, камерцыйныя структуры, самакіраванне, а ў тым ліку, і міністэрствы, маглі як мага больш актыўна браць удзел у дыялогу і камерцыйных адносінах.



Іншая справа: ці ставімся мы крытычна да такога вядзення палітыкі — праз спісы і кропкавыя абмежаванні? Ці дзейнічаюць гэтыя кропкавыя абмежаванні, і ці можна іх абыйсці? Зразумела, рэжым Лукашэнкі спрабуе іх абыйсці з дапамогай намеснікаў міністраў — гэта прыймальны ўзровень, які пазітыўна ўспрымаюць практычна ўсе краіны Еўропы. Ці з’яўляецца гэта двайной гульнёй і ці дапамагае гэта беларускай апазіцыі — цяжка сказаць. Адна справа, калі пра гэта кажа Саннікаў і іншая — калі выказваецца на гэты конт Мілінкевіч. Здаецца, у іх супрацьлеглыя ацэнкі гэтай камунікацыі. Хутчэй, узровень камунікацый не зменіцца, але афіцыйны Мінск будзе дабівацца, каб гэты ўзровень ўзняць ад намеснікаў да, хаця б, міністраў.

Еўрарадыё: Лукашэнка некалькі разоў падчас сустрэчы параіў Літве “пазбавіцца знешняга ўціску” ў пытанні ўзаемаадносінаў з Беларуссю. Такое ўражанне, што цяперашнюю палітыку ў дачыненні да афіцыйнага Мінска Вільні навязваюць…

Гінтаўтас Мажэйкіс: Выказванні Лукашэнкі патрабуюць перакладу — ён выказваецца на іншай мове, чым мова, афіцыйна прынятая ў Еўрасаюзе. Справа ў тым, што Еўрасаюз не з’яўляецца для Літвы вось ужо восем гадоў як нечым “знешнім”. Для нас знешнія адносіны — з Расіяй, Украінай ці Грузіяй. Тымі краінамі, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі Еўрасаюза, але супрацоўнічаюць з ім з дапамогай іншых інструментаў партнёрства. Магчыма, яго выказванні трэба інтэрпрэтаваць так, што Літва не павінна звяртаць увагу на Расію, да прыкладу, калі будуе свае адносіны з Беларуссю! Чаму не? У гэтым плане я з ім згодны.

Еўрарадыё: Апошнім часам афіцыйная Вільня цвёрда стаіць на патрабаванні вызвалення беларускім рэжымам усіх палітзняволеных. Што можа пахіснуць гэтую цвёрдую пазіцыю?

Гінтаўтас Мажэйкіс: Калі зменіцца агульнае стаўленне да Беларусі ў Еўрасаюзе. Альбо, калі нехта з літоўскіх палітыкаў не вытрымае, і скажа нешта накшталт таго, што “можна змякчыць адносіны да рэжыму Лукашэнкі, калі ён вызваліць аднаго ці некалькіх канкрэтных палітзняволеных” — распачаць гандаль. Лукашэнка быў бы згодны на такі гандаль. Але тут праблема ў тым, што калі яшчэ 3-4 гады таму ў публічнай сферы Прыбалтыйскіх краін, а можа — і Еўрасаюза, гандаль праз уціск і мяккую дыпламатыю быў прыймальны, то цяпер нават меркаванні наконт таго, каб дамаўляцца, каб рабіць мяккія дыпламатычныя крокі з мэтай дапамагчы таму ці іншаму канкрэтнаму вязню, каб гандлявацца на гэты конт — пра гэта гаворкі няма. Адзінае, што пры такім раскладзе магчымае — калі б ён выпусціў без аніякіх умоў большасць палітзняволеных. І зрабіў гэта публічна.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі