Эксперт: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады

Эксперт: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады

Увечары 26 ліпеня, праз 16 дзён пасля магчымага інцыдэнту, Міністэрства энергетыкі Беларусі прызнала, што інфармацыя аб здарэнні на будаўнічай пляцоўцы не проста чуткі, і яно адбылося на самой справе. "Насамрэч, паводле інфармацыі генеральнага падрадчыка АТ "Атамбудэкспарт", пазаштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці", — паведамляецца на сайце Мінэнерга.

"Усё будзе зразумела, калі скончыцца праверка. У якім стане корпус рэактара, стане зразумела пасля высноваў, якія зробяць спецыялісты", ― расказваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве раніцай 27 ліпеня.

Тым часам расійскі бок у выглядзе карпарацыі "Расатам" ужо(!) паведаміў, што корпус рэактара не мае пашкоджанняў.

Расійскі інжынер-фізік, удзельнік беларускай антыядзернай кампаніі Андрэй Ажароўскі расказаў Еўрарадыё, што з сябе уяўляе корпус ядзернага рэактара і чаму любое яго падзенне нават з невялікай вышыні можа стаць прычынай сур'ёзных праблем.

Эксперт: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады
Так выглядаў працэс пагрузкі корпуса рэактара для Астравецкай АЭС на чыгуначную платформу. Фота novgorod.ru.

Корпус рэактара ― вельмі далікатная дэталь

"Любое падзенне корпуса ядзернага рэактара гэта пазаштатаная сітуацыя, надзвычайнае здарэнне. Нягледзячы на тое, што корпус — гэта вельмі масіўная дэталь, важыць больш за 300 тон, яна вельмі далікатная. І любая дэфармацыя зробіць яго непрыдатным для выкарыстання. Таму, калі корпус рэактара насамрэч упаў, то ён абавязкова быў пашкоджаны", ― расказвае Ажароўскі.

Ці падаў корпус рэактара Астравецкай АЭС, з якой вышыні, пакуль незразумела. Неафіцыйныя крыніцы адназначна сцвярджаюць пра падзенне (вышыня вагаецца ад 2 да 10 метраў). Афіцыйныя ў асобе Мінэнерга — толькі пра "пазаштатную сітуацыю... на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці". Аднак "такелажныя работы" — гэта перамяшчэнне грузу, звязанае з яго пад'ёмам кранамі на вышыню. Таму вельмі верагодна, што падзенне адбылося.

 

Калі корпус рэактара ўпаў, то ён, хутчэй за ўсё, дэфармаваны

Інжынер-фізік Ажароўскі кажа, што нават падзенне з нязначнай вышыні можа мець фатальныя наступствы для канструкцыі корпуса. Уся справа ў яго вялікай масе:

"Гэта аб'ект масай больш за трыста тон. Калі ён падае з вышыні 1-2 метраў, то выдзяляецца агромністая колькасць энергіі. Яна акурат ідзе на дэфармацыю. Таму што колькасць энергіі залежыць не толькі ад вышыні, з якой аб'ект падае, але таксама і ад масы самога аб'екта".

Па словах Ажароўскага, корпус рэактара мае складаную канструкцыю, гэта зусім не проста цэльны кавалак металу:

"Корпус складаецца з трох частак. Дзве часткі — цыліндрычныя. Адна — з адтулінамі, гэта адтуліны для трубаправодаў. Па іх ідзе гарачая вада і закачваецца ў рэактар халодная. Там некалькі пар вялікіх і малых адтулін. Далей ідзе цыліндрычная частка без адтулінаў. І далей да яе прываранае дно рэактара. Такая паўсфера. Вось гэтыя два швы на ніжняй частцы рэактара, гэта зварная канструкцыя. І добрае пытанне, у якім стане швы знаходзяцца цяпер".

Эксперт: Падзенне корпуса рэактара можа спыніць будаўніцтва АЭС на 3-4 гады
Так выглядае корпус рэактара знутры. Фота sb.by.

Пашкоджанне корпуса рэактара можа спыніць будоўлю АЭС на 3-4 гады

"Корпус рэактара ― гэта тое, што робіць атамную энергетыку адной з самых дарагіх па капітальных укладаннях. Вельмі складана яго зрабіць. І я так разумею, што і расійскія, і беларускія атамшчыкі пойдуць на ўсё, каб зменшыць наступствы аварыі. Таму што, калі вось цяпер сказаць, што корпус пашкоджаны і трэба рабіць новы, гэта значыць, адкласці завяршэнне будаўніцтва АЭС на 3-4 гады", ― расказвае фізік.

Так што, падзеі 10 ліпеня на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС могуць мець вельмі сур'ёзныя наступствы. Сітуацыю робіць яшчэ больш складанай тое, што ад беларускага боку тут залежыць далёка не ўсё. Як паведаміла Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці высокапастаўленая крыніца, блізкая да будаўніцтва Астравецкай АЭС, апошняе слова будзе за расіянамі, якія зя'ўляюцца генпадрадчыкам праекта. Простымі словамі, менавіта расійскі бок будзе вырашаць, ці варта мяняць магчыма пашкоджаны корпус ядзернага рэактара будучай Беларускай АЭС на новы. Адкладаючы тым самым здачу станцыі на некалькі гадоў і, адпаведна, робячы яе значна даражэйшай.

 

Еўрарадыё накіравала афіцыйны зварот у Дэпартамент камунікацый дзяржаўнай карпарацыі "Расатам" з просьбай даць падрабязную інфармацыю пра характар здарэння на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС, а таксама расказаць пра тое, якім чынам адбываецца экспертыза стану корпуса рэактара на дадзены момант і што з ім будзе далей. Аб змесце адказу расіян праінфармуем пазней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі