Эксперт: Пуціна можа спыніць толькі яго ўнутранае атачэнне

Еўрарадыё: Як называецца тое, што цяпер адбываецца ў Крыме?

Эліна Бардач-Ялава: Я б гэта назвала заявай пра нейкія актыўныя дзеянні. Гэта — паказальны выступ Пуціна ў дачыненні нават не да Украіны, а ў дачыненні Захаду і ЗША. Амерыка і Захад гэта ўбачылі, яны на гэта дастаткова жорстка адрэагавала, але ўсе разумеюць, што сітуацыя патавая: калі Пуцін вырашыць пачаць нейкія ваенныя дзеянні, то спыніць яго будзе практычна немагчыма. Не спыняць яго і эканамічныя санкцыі. Нагадаю, Ангела Меркель у размове з Баракам Абамам абмяркоўвала магчымасць увядзення нейкіх эканамічных санкцый супраць Расіі. Дык вось, на Расію яны па азначэнні працаваць не змогуць. Яны могуць спакойна абысціся без рынкаў Еўропы і Амерыкі, што выдатна абодва лідары разумеюць.

Еўрарадыё: Калі не эканамічныя санкцыі, то што можа спыніць Пуціна?

Эліна Бардач-Ялава: Калі па шчырасці, то, у прынцыпе, не ўяўляю, што можа спыніць Пуціна, апроч яго ўласнага атачэння. Апошнім часам у большасці выпадкаў Еўрасаюз і ЗША сутыкаюцца з сітуацыямі, калі эканамічныя санкцыі працуюць. І гэта апошнім часам адзін з галоўных іх козыраў. Бо Абама не Буш — калі Буш лёгка мог махнуць рукой са словамі :Армія — наперад!”, то Абама гэтага казаць не хоча. Ды, уласна кажучы, за яго таму і галасавалі, што ён казаць гэтага не хоча. Таму, яго галоўная зброя — эканамічныя санкцыі. Яны працуюць практычна заўжды. Яны працуюць ў Іране да пэўнай ступені, Ірану давялося крыху “прагнуцца”, яны выдатна працуюць у Ізраілі. Але калі яны сутыкаюцца з Расіяй, то вымалёўваецца зусім іншая сітуацыя. Праблем ад эканамічных санкцый у Расіі будзе значна менш, чым у таго ж Ірана — рынкі іншыя. Таму я і кажу, што не бачу, хто, апроч яго ўнутранага атачэння, можа спыніць Пуціна ў тым выпадку, калі ён вырашыць напасці на Украіну. Я вельмі моцна сумняваюся ў тым, што Еўропа захоча ваяваць на баку Украіны і ўвядзе туды войскі, але калі нават такое здарыцца, то наўрад ці расейскія войскі гэтага спалохаюцца. А калі ЗША пойдзе ваяваць ва Украіну, то гэта ўвогуле будзе прэцэдэнт. Бо з пункту гледжання Абамы, гэта будзе завяршэннем яго выдатнай кадэнцыі.

Еўрарадыё: Але ж Абама папрасіў у Кангрэса мандат на вядзенне ваенных дзеянняў у Сірыі — чаму не папрасіць такі мандат для Украіны?

Эліна Бардач-Ялава: Для Сірыі ён запрасіў мандат, але што ён з ім зрабіў? Атрымаць мандат — палова праблемы. Ты яго атрымліваеш не ад сваіх выбаршчыкаў. А вось ад выбаршчыкаў у яго такога мандата няма — ваяваць у такіх мала цікавых для ЗША кропках. Сярэднестатыстычнаму амерыканцу пляваць на тое, што адбываецца ва Украіне — ён, можа, і пра такую краіну толькі ўчора пачуў! І рашэнне Абамы накіраваць туды войскі, нават падтрыманае адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі, няправільнае з пункту гледжання выбаршчыка. І вотум недаверу, магчыма, Абама атрымае значна раней, чым ён таго хацеў бы. Ды і эканамічная сітуацыя ў ЗША не вельмі добрая. На гэтым фоне пайсці ваяваць ва Украіне — гэта… Калі ў выпадку з Сірыяй былі падазрэнні, што гэта можа нейкім чынам закрануць і ЗША, то канфлікт ва Украіне ніякім чынам іх не кранае — захопіць яе Расія ці не, ніяк не ўплывае на амерыканскую ўнутраную сітуацыю. Пуцін разумее, што ў Абамы звязаныя рукі, і ў разумных межах можа рабіць усё, што заўгодна.

Еўрарадыё: Да якіх межаў?

Эліна Бардач-Ялава: Ну, калі ён выража кожнага другога ва Украіне, то тады ўжо “ўзнімецца голас дэмакратыі” і гэтак далей. Але калі ён кожнага другога выразаць не будзе, а захопіць уладу больш-менш бяскроўна, то ніякіх праблем ні з боку Еўропы, ні з боку Амерыкі я не бачу. Апроч заяў пра магчымыя праблемы.

Еўрарадыё: Можа, палітычныя санкцыі будуць больш дзейсныя? Ужо практычна сарваны саміт G8, прапануюць адабраць ў Расіі статус назіральніка ў Савеце Еўропы і выключыць з ААН…

Эліна Бардач-Ялава: Вось тут не ўсё добра з пункту гледжання Расіі. Але тут ўсё залежыць ад таго, што больш важнае: наколькі важна Расіі захаваць сваю пазіцыю ва Украіне адносна пазіцыі з той жа G8. І ці змогуць унутрыдыпламатычныя каналы разруліць гэтую сітуацыю. Тое, што мы чуем усе гэтыя галаслоўныя заявы — гэта адно. Галоўнае, што чуюць дыпканалы знутры. Якая яна, розніца паміж тым, што кажуць на публіку і тым, што кажуць для дыпламатаў. Да прыкладу, кажуць: “Мы нічога не можам зрабіць       і мы вас вынікнем, калі”… І тут ідзе гэта “калі”. Калі гэтае “калі” прысутнічае, то Расія можа яго абыйсці і прыгожа выкруціцца нягледзячы ні на што. Але ў тым выпадку, калі гэтага “калі” не існуе, і па дыпламатычных каналах кажуць: “Калі вы толькі дакранецеся да даху дома ў Крыме, мы вас выкінем адусюль”, то падумаць Крамлю давядзецца двойчы. Але я вельмі сумняваюся, што сітуацыя ідзе па другім сцэнарыі.

Еўрарадыё: А як на канфлікт у Крыме адрэагуюць Турцыя, той жа Ізраіль?

Эліна Бардач-Ялава: Турцыя цягам шэрагу апошніх гадоў вядзе палітыку, якая больш падыходзіць Усходу, чым Еўропе. Яна павярнулася спіной да Еўропы. І ў канфлікце паміж Расіяй і Украінай Турцыя будзе на баку Расіі. Бо ў дадзеным выпадку Расія выступае як супрацьеўрапейскі гулец. Што да Ізраіля… Цяпер ізраільскія журналісты тэрмінова пачынаюць высвятляць, што з сябе ўяўляе Украіна. І што ва Украіне творыць Пуцін простаму ізраільцяніну не зразумела. Што тычыцца кіраўніка дзяржавы і міністраў, то тут будзе захоўвацца строгі нейтралітэт. Бо апроч некалькіх чалавек, ва ўрадзе не зразумеюць, што там адбываецца.

Фота з архіву Эліны Бардач-Ялавай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі