Эксперты: Праект “Ямал — Еўропа-2” не цікавы Еўропе і не выгадны Беларусі

130404_eurafokus.mp3

Другая нітка газаправоду “Ямал — Еўропа" праляжа праз Беларусь. Даручэнне прапрацаваць пытанне такога будаўніцтва даў Уладзімір Пуцін “Газпраму”. Каму, акрамя Расіі, патрэбны гэты праект, цікавіцца Еўрарадыё.

Беларускую казну новая труба не папоўніць, упэўнівае эканаміст Леанід Заіка.

Леанід Заіка: “Існуючая труба, існуючы трансфер знаходзіцца ва ўласнасці “Газпрама”. Усё! Таму яны самі ўсе пытанні і вырашаюць. І Беларусь з гэтага нічога не будзе мець. Яна будзе мець толькі нейкія падаткі з “Белтрансгаза”, якія той будзе выплачваць па выніках сваёй гаспадарчай дзейнасці. А людзі, якія працуюць на “Белтрансгазе”, будуць атрымліваць заробак — не больш за тое”.

І нагадвае: раней кіраўнік Беларусі неаднаразова выказваў шкадаванне, што расіяне не жадаюць пракладаць праз нашу тэрыторыю другую нітку газаправоду “Ямал Еўропа”. Але як толькі “Белтрансгаз” канчаткова зрабіўся уласнасцю “Газпрама”, яны пачалі гэта пытанне ўсур’ёз абмяркоўваць.

Тады, можа, у гэтым “газпрамаўскім” праекце зацікаўленыя еўрапейцы? Уладзімір Пуцін сцвярджае, што ўжо былі праведзеныя карпаратыўныя перамовы з палякамі, венграмі і славакамі — зацікаўленасць вялікая. Але ўжо 4 красавіка міністр дзяржаўнага скарбу Польшчы Мікалай Будзаноўскі, які курыруе дзейнасць паліўна-энергетычнага комплексу, заявіў, што гэта ідэя газаправода "Ямал — Еўропа-2" выглядае сумнеўнай.


"Мы абіраем крыху іншую мадэль — мадэль дыверсіфікацыі і пошуку новых пастаўшчыкоў, каб кошт быў максімальна нізкі”, — патлумачыў польскі міністр.


З тым, што прыродны газ, які перапампоўвае ў Еўропу “Газпрам”, еўрапейскім спажыўцам сёння не цікавы, пагаджаецца фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.


Вадзім Іосуб: “Зараз практычна ўсе еўрапейскія краіны дэкларуюць тое, што яны зацікаўленыя ў дыверсіфікацыі паставак, у пастаўках звадкаванага газу”.

Еўрапейцы, тлумачыць эксперт, добра ведаюць прыклады таго, як расійскія ўлады выкарыстоўвалі свой газ у нейкіх палітычных мэтах. Найперш, у дачыненні да Беларусі і Украіны. Краіны ЕС асцерагаюцца залежнасці ад непрадказальнай палітыкі “Газпрама” і расійскіх уладаў, і таму шукаюць замену расійскаму газу. 

Іосуб робіць нечаканую выснову.

Вадзім Іосуб: “Практычна ўсе праекты па будаўніцтве трубаправодаў — і што тычыцца нітак у Еўропу, і што тычыцца ніткі ў бок Кітая, “Усходне-Сібірскай” — падчас іх будаўніцтва вельмі моцна вырастаў сабекошт, і гэта падобна на нейкі банальны крадзеж. Ствараецца ўражанне, што адна з галоўных мэтаў такіх буйнамаштабных праектаў — не стратэгічныя рэчы для Расіі, а цяпер і зараз папілаваць грошы”.

Між тым, “Газпрам” плануе рэалізаваць праект “Ямал — Еўропа-2” да 2018-2019 года. Паводле папярэдніх падлікаў, праз новую нітку “Газпрам” зможа прапампоўваць у Еўропу да 15 мільярдаў кубаметраў газу. Будаўніцтва новай ніткі газаправода абыйдзецца прыблізна ў 5 мільярдаў долараў.

Фота: forexaw.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі