Электрычнасць з БелАЭС не ўсе змогуць выкарыстоўваць на бытавыя патрэбы
Электрасеткі Беларусі маюць недастатковую прапускную здольнасць, каб выкарыстоўваць электраэнергію БелАЭС на ацяпленне і бытавыя патрэбы. Неабходна правесці іх рэканструкцыю. Гэта вынікае са словаў першага намесніка гендырэктара — галоўнага інжынера ДВА "Белэнерга" Уладзіміра Баброва, піша select.by.
Па яго словах, выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення, падагрэву вады і прыгатавання ежы залежыць ад наяўнасці прапускной здольнасці паветраных ліній электраперадачы з напругай 0,4-10 кВ.
А прапускная здольнасць беларускіх электрасетак недастатковая. Для зніжэння іх зносу і павелічэння выкарыстання электраэнергіі патрабуецца будаўніцтва альбо рэканструкцыя каля 2,7 тысячы км электрасетак у год.
З 2021 па 2025 годы урад плануе накіраваць на гэтыя мэты каля 1,5 мільярда рублёў. Прычым толькі 0,5 мільярда рублёў з гэтай сумы будуць узятыя з дзяржбюджэту. Астатнія — уласныя сродкі энергазабеспячальных арганізацый. Акрамя таго плануецца прыцягваць сродкі грамадзян.
Пытанне пра выкарыстанне электраэнергіі з БелАЭС яшчэ не вырашанае, але сама яна ўжо працуе. Аляксандр Лукашэнка нават заявіў, што Беларусі будзе мала адной АЭС, і прапанаваў думаць пра пабудову другой.
У 2020 годзе спажыванне электраэнергіі ў нашай краіне складала каля 38 мільярдаў кВт.гадз., а праз 5 гадоў ў афіцыйных прагнозах называецца лічба ў 44 мільярдаў кВт.гадз.
БелАЭС будзе вырабляць каля 18,5 мільярда кВт.гадз. электраэнергіі ў год. Верагодна, павінны быць спыненыя нейкія цяперашнія электрастанцыі ці павялічыцца экспарт электраэнергіі. Аднак з улікам палітычнай суседзі Беларусі адмаўляюцца ад беларускай электраэнергіі — нават Украіна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.