EPAM можа адкрыць паўнавартасны хаб у Казахстане
Сустрэча Аркадзя Добкіна і Касым-Жамарта Такаева / akorda.kz
У Нью-Ёрку адбылася сустрэча прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева з заснавальнікам і старшынёй рады дырэктараў ЕРАМ Systems Аркадзем Добкіным. Абмяркоўваліся "пытанні стварэння паўнавартаснага тэхналагічнага хаба ў Казахстане і павышэння чалавечага капіталу ў сферы IT", расказалі ў прэс-службе казахстанскага прэзідэнта. Там таксама адзначылі, што ЕРАМ "уваходзіць у лік найбуйнейшых сусветных пастаўшчыкоў праграмнага забеспячэння і лічбавых паслуг".
Нагадаем, што ЕРАМ Systems — гэта амерыканская кампанія з беларускімі каранямі. Да пандэміі каранавіруса штат кампаніі ў Беларусі, Украіне і Расіі набліжаўся да 70% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў. Потым да пандэміі дадаліся рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне. У выніку да канца 2021 года доля супрацоўнікаў у рэгіёне складала менш за 60%, а цягам 2022 года кіраўніцтва EPAM спадзяецца "скараціць вытворчы штат тут прыкладна да 30%". Пра гэта ў канцы траўня пісаў dev.by. Сваіх супрацоўнікаў з Беларусі EPAM актыўна рэлакуе ў тым ліку ў Літву. У Расіі на фоне вайны з Украінай кампанія наогул спыніла ўсю дзейнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.