ЕС адменіць сістэму квот на пастаўкі на свой рынак беларускага тэкстылю?
Еўрасаюз можа адмяніць сістэму квот на пастаўкі на свой рынак беларускага тэкстылю. Еўрапарламент ужо ухваліў гэтае рашэнне ("за" — 549 еўрапарламентароў, "супраць" — 87, устрымаліся 33). Патрэбная таксама ўхвала Савета Еўрасаюза. Дакладчык па гэтым пытанні фін Хану Такула адзначыў, што адмена квот стала б станоўчым сігналам для Беларусі і беларускага бізнесу, "будзе садзейнічаць больш цесным дзелавым сувязям і павысіць давер інвестараў". Аднак у выпадку, калі ўлады Беларусі будуць парушаць правы чалавека, квоты могуць вярнуць, піша літоўскі сайт vz.lt.
"Ежедневник" піша, што сістэма квот, якімі рэгулююцца пастаўкі прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасці на рынак Еўрасаюза, пачала дзейнічаць з 1993 года. Штогод Брусель выдзяляў беларускім тэкстыльным і швейным прадпрыемствам спецыяльныя квоты па 34 асноўных групах тавараў. Агульны аб'ём экспарту мог кожны год павялічвацца на 5%. Улады Беларусі ў сваю чаргу зніжалі стаўкі увазных мытных пошлін на тэкстыльную прадукцыю з краін ЕС.
Эксперты мяркуюць, што, нягледзячы на магчымую адмену квот, значнага павелічэння продажу беларускай прадукцыі на рынку Еўрасаюза чакаць не варта, паколькі там дамінуюць вытворцы з Азіі.