ЕС працягнуў санкцыі супраць Беларусі, але скараціў чорны спіс
Савет Еўрасаюза сваёй пастановай працягнуў тэрмін дзеяння санкцый супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2015 года.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Савета ЕС. Рашэнне Савета ЕС матывуецца тым, што "што не ўсе палітвязні былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а таксама тым, што захаванне правоў чалавека, прынцыпаў прававой дзяржавы і дэмакратычнага грамадства не палепшылася ў Беларусі".
У аглядзе таксама абноўлены спіс беларускіх грамадзян і арганізацый, супраць якіх будуць і далей прымяняцца абмежавальныя меры. Як адзначаецца ў паведамленні, Савет ЕС "не бачыць падставаў для захавання санкцый для 24 чалавек і 7 прадпрыемстваў, якія знаходзяцца пад абмежаваннямі". Падкрэсліваецца, што гэта не азначае змены палітыкі ЕС да Беларусі.
"ЕС працягвае рэалізоўваць палітыку крытычнай супрацы з Беларуссю, якая мае на мэце прасоўванне павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні.
Адпаведныя прававыя акты будуць апублікаваныя ў Афіцыйным весніку ЕС у пятніцу і набудуць моц.