Еўрадэпутаты заклікаюць УЕФА адхіліць Беларусь ад кваліфікацыі Еўра-2024

Аляксандр Чэферын / ria.ru
Аляксандр Чэферын / ria.ru

104 дэпутаты Еўрапарламента звярнуліся да прэзідэнта УЕФА Аляксандра Чэферына. Яны заклікаюць адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы па футболе 2024 года. Таксама еўрадэпутаты прапануюць выключыць беларускую каманду з I групы і матчаў, якія пачнуцца ў найбліжэйшыя тыдні, перадае Радыё "Свабода".

Яны матывуюць свой заклік рэпрэсіямі ў Беларусі і саўдзелам уладаў у расійскай вайне супраць Украіны: "З міжнароднага пункту гледжання відавочна, што цяперашнія захады неадэкватныя і не адлюстроўваюць таго, што робяць беларускія ўлады ў дачыненні да правоў чалавека і іншых каштоўнасцяў УЕФА".

У звароце згадваецца, што з 2020 года былі затрыманыя ці зняволеныя больш за 40 тысяч жыхароў Беларусі, амаль паўтары тысячы чалавек прызнаныя палітвязнямі. Напрыклад, 48-гадовы футбольны трэнер Алег Фамін правёў у беларускай турме 2,5 года паводле сфабрыкаванага абвінавачання. Яны згадваюць нядаўні прысуд нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму, а таксама завочныя суды над Святланай Ціханоўскай і Паўлам Латушкам.

Еўрадэпутаты пішуць, што беларускае грамадства (і спартоўцы ў тым ліку) жыве ў страху, бо "нават нязначныя прыкметы непадтрымкі рэжыму Лукашэнкі могуць прывесці да страты іх кар’еры або волі". Адпаведна, футбалісты беларускай зборнай падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, адзначаюць аўтары петыцыі.

Таксама яны адзначаюць удзел беларускіх уладаў у расійскай агрэсіі супраць Украіны і ракетныя ўдары і абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі.

"Як усе гэтыя факты можна суаднесці з каштоўнасцямі УЕФА і матчамі УЕФА, якія павінны быць сімвалам міру і супрацоўніцтва, якія ўвасоблены ў футбольнай сямʼі? Сам факт удзелу зборнай Беларусі ў чэмпіянаце УЕФА пазней будзе выкарыстаны Лукашэнкам і яго прапагандысцкай камандай, каб даказаць, што яго добра прымаюць у міжнароднай супольнасці", — пішуць еўрадэпутаты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі