Еўрапарламент рэкамендаваў даць Украіне статус кандыдата на ўступ у ЕС
Еўрапейскі парламент амаль аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў інстытуты Еўрасаюза працаваць над наданнем Украіне статуса кандыдата ў ЕС.
За рэзалюцыю "Расійская агрэсія супраць Украіны" прагаласавалі 637 з 676 удзельнікаў, піша hromadske.ua. 13 еўрадэпутатаў выступілі "супраць", а 26 — устрымаліся.
Еўрапарламент заклікаў надаць Украіне статус кандыдыта ў ЕС у адпаведнасці з артыкулам 49 Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе і на аснове заслуг краіны. Пры гэтым еўрадэпутаты заклікаюць працягваць працу над інтэграцыяй Украіны ў адзіны рынак ЕС у адпаведнасці з пагадненнем аб асацыяцыі Украіны з ЕС.
Дэпутаты Еўрапарламента звяртаюцца ў міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці ў сферы культуры і спорту, каб тыя разгледзелі магчымасць спыніь удзел Расіі ў мерапрыемствах. А ў дзяржаў-чальцоў ЕС просяць скараціць колькасць расійскіх дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў.
Да Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі еўрадэпутаты звярнуліся з просьбай стварыць спецыяльную працоўную групу для маніторынгу дзеянняў Расіі па бяспецы ядзерных аб'ектаў і паліва. Нагодай стала тое, што расійскія вайскоўцы ўзялі Чарнобыльскую АЭС пад свой кантроль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.