Еўрарадыё даведалася, якім чынам Бакіеў атрымаў грамадзянства РБ

— Добры дзень. Мяне цікавіць Указ ад 17 снежня 2010 года. Аб прадастаўленні грамадзянства РБ футбалісту Рэнану Брэсану.

— Гэты дакумент недаступны для прагляду.

— Ой. А можна даведацца прычыны? Магчыма, праз некаторы час дакумент будзе апублікаваны?

— Гэта дакумент службовага карыстання, на рэгістрацыю ў НЦПІ з Адміністрацыі прэзідэнта РБ не паступаў.

Гэта мой дыялог з супрацоўнікам службы онлайн-кансультацый нацыянальнага прававога партала pravo.by, на якім сабраныя ўсе законы і іншыя важныя дакументы, што выходзяць у Беларусі. Бразілец Брэсан цікавіць хутчэй ускосна. Гэты таленавіты футбаліст атрымаў грамадзянства нашай краіны у 2010 годзе, не пражыўшы патрэбных простым смяротным сямі гадоў (у Беларусі Брэсан жыў з 2007 года). Пашпарт футбалісту далі “за асаблівыя заслугі перад РБ” і амаль адразу паклікалі ў зборную. Трэнер Кандрацьеў пазней з гонарам прызнаваўся, што гэта ён першым прапанаваў “абеларусіць” бразільца.

Калі заслугі таленавітага футбаліста перад нашай краінай відавочныя (Брэсан нават зборнай сваёй роднай Бразіліі гол за Беларусь забіў), то да былога кіраўніка Кыргызстана Курманбека Бакіева могуць быць пытанні. Пасля крывавых падзей у гэтай краіне і змены ўлады ён схаваўся ў Беларусі. Доўгі час яго статус быў невядомым, пакуль на пачатку чэрвеня ў інтэрв’ю сайту interfax.by апальны палітык не прызнаўся, што з’яўляецца грамадзянінам Беларусі з 2010 года. То бок амаль з моманту прыезда ў нашу краіну.

“Адносна пытання аб маёй экстрадыцыі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь выказвалася цалкам адназначна — спадар Бакіеў з'яўляецца грамадзянінам Беларусі з 2010 года і, згодна з заканадаўствам, экстрадыцыі не падлягае”.

Паколькі відавочных заслугаў перад Беларуссю ў Бакіева бракуе, навіна аб яго беларускім пашпарце выклікала хвалю жартаў і абвінавачванняў. Маўляў, грамадзянства ён займеў незаконна. Знайсці афіцыйны дакумент аб атрыманні Курманбекам Бакіевым беларускага грамадзянства, як і ў выпадку з футбалістам Брэсанам, аказалася немагчымым. У Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі МУС пагадзіліся назваць толькі агульныя статыстычныя лічбы, дый тое пасля афіцыйнага запыту. Адказ на яго прыйшлося чакаць амаль месяц. З паперы вынікае, што ў мінулым годзе беларускія пашпарты атрымалі 4020 замежных грамадзян, а сёлета — ужо 2000 чалавек. Асноўная прычына — пражыванне ў Беларусі на працягу сямі гадоў або блізкае сваяцтва з грамадзянамі Беларусі.

Паводле інфармацыі МУС, іншыя выпадкі атрымання беларускага грамадзянства, як правіла, звязаныя з міжнароднымі дамовамі Беларусі. Напрыклад, з “Пагадненнем паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб спрошчаным парадку набыцця грамадзянства”. Згодна з ім, грамадзяне названых краін могуць атрымаць беларускія пашпарты паводле спрошчанай працэдуры. Дастаткова падаць заяву, свой стары пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні і дакумент, які б пацвярджаў пражыванне на тэрыторыі РСФСР, УССР, Казахскай ССР, альбо Кіргізскай ССР да 21 снежня 1991 года. Рашэнне аб наданні беларускага грамадзянства беларускія ўлады павінны прыняць не пазней як праз тры месяцы з моманту падачы дакументаў. Таму ёсць усе падставы лічыць, што Курманбек Бакіеў стаў грамадзянінам Беларусі абсалютна законна.

Праўда, яшчэ не факт, што сіні беларускі пашпарт выратуе Бакіева ад кыргызскага суда. На пачатку 2013 года ўлады Казахстана дэпартавалі ў Кыргызстан былога паплечніка Бакіева — Пайзулабека Рахманава. Пры затрыманні ён паказаў беларускі пашпарт, выдадзены Першамайскім РУУС Мінска. Але беларуская амбасада ў Казахстане цікавасці да лёсу свайго грамадзяніна не праявіла. Зараз Рахманава чакае суд. У Бішкеку абяцаюць, што справядлівы.

Фота polit.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі