Еўрасаюз пракаментаваў нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы

Еўрасаюз пракаментаваў нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы

Еўрасаюз выказаўся наконт адмовы Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. З адпаведнай заявай выступіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

У дакуменце адзначаецца, што ЕС чакае, каб Беларусь неадкладна афіцыйна запрасіла БДІПЧ / АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. 

Барэль падкрэслівае, што Бабарыка і Цапкала набралі больш за 100 тысяч неабходных подпісаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты. 

Віктару Бабарыка адмовілі на падставе незавершанага следства, якое нібыта выявіла ў яго незаконныя даходы, якія палітык не паказаў у сваёй дэкларацыі. У Валерыя Цапкалы адбракавалі вялікую колькасць подпісаў, а таксама выявілі ў жонкі незадэклараваныя акцыі Прыёрбанка.

Прадстаўнік ЕС звярнуў увагу, што працэдура праверкі подпісаў у Беларусі — непразрыстая. "Адсутнасць празрыстасці ў працэсе праверкі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, як ужо адзначалася Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (АБСЕ / БДІПЧ) Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе ў 2010 і 2015 гадах, падрывае давер да працэсу рэгістрацыі. Больш за тое, прававыя палажэнні аб рэгістрацыі кандыдатаў ствараюць непрапарцыйныя і неабгрунтаваныя бар'еры для кандыдатаў, што супярэчыць абавязальніцтвам АБСЕ і іншым міжнародным стандартам", — адзначыў Барэль.

Па яго словах, ЕС выказвае шкадаванні, што афіцыйны Мінск ігнаруе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ — напрыклад, пра дакладныя і разумныя крытэрыі ды механізмаў для рэгістрацыі кандыдатаў і праверкі подпісаў. 

Адмова ад рэгістрацыі кандыдатаў, на думку Барэля, абмяжоўвае магчымасць беларускага народа выказваць сваю волю і падрывае агульную дэмакратычнасць выбараў. 

У дакуменце падкрэсліваецца, што Еўрасаюз падтрымлівае незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя — гэта вызначальныя для ЕС фактары пры фармаванні палітыкі ў дачыненні да той ці іншай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі