Ежу прыносілі ў палату: як у "інфекцыёнцы" правяраюць тых, хто прыехаў з Кітая
Марына Гарбачова вырашыла праверыць здароўе пасля паездкі ў Кітай / instagram.com/lady_marris
27 студзеня беларускі Марына і Вікторыя вярнуліся дадому з кітайскага курорта Хайнань. Адпачынак дзяўчат прыйшоўся на разгар эпідэміі каранавіруса. Пасля прыезду ў Мінск Марына адчула сімптомы прастуды і, вядомая рэч, занепакоілася. Куды можна звярнуцца ў такім выпадку і якія аналізы трэба здаваць?
Дзяўчаты вырашылі пераканацца, што ў іх няма каранавіруса, і 28 студзеня звярнуліся ў Мінскую інфекцыйную бальніцу. Яны расказваюць Еўрарадыё, што спачатку іх не хацелі прымаць: сказалі звяртацца па месцы прапіскі. Маўляў, беларусаў, якія панікуюць, стала занадта шмат. Усе яны ідуць у "інфекцыёнку" — нават са звычайнай прастудай.
— Але ў выніку дактары ўвайшлі ў наша становішча і вырашылі нас усё-ткі шпіталізаваць. Нават папрасілі прабачэння за тое, што спачатку адмовілі нам. Паклалі нас з сяброўкай у асобны бокс з уласным душам і прыбіральняй, — удакладняе Марына. — У сталовую мы не хадзілі, ежу прыносілі ў палату.
Адразу ў нас узялі тры мазкі з носа, адзін — з зева. З раніцы трэба было здаць кроў з вены, аналіз мачы і зрабіць рэнтген лёгкіх. Аналізы бралі медсёстры ў ахоўных касцюмах.
Аналізы паказалі, што каранавіруса няма. Вікторыю адпусцілі дадому, а Марыне прыйшлося затрымацца: падазраюць запаленне лёгкіх.
Трывогу беларусаў, якія вярнуліся з Кітая, зразумець можна: першасныя сімптомы новага каранавіруса і ВРВІ вельмі падобныя: кашаль і падвышэнне тэмпературы. Лепш перастрахавацца! Днямі дактары "хуткай" у спецыяльных ахоўных касцюмах шпіталізавалі дальнабойніка з тэмпературай усяго 37,1: мужчына нядаўна вярнуўся з Кітая. На шчасце, каранавірус у яго не пацвердзіўся.
Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік на прэс-канферэнцыі 28 студзеня параіў тым, хто прыехаў з Кітая і заўважыў пагаршэнне здароўя на працягу 14 дзён, адразу выклікаць "хуткую":
— Не трэба наведваць паліклінікі. Неабходна выклікаць "хуткую", і пацыент будзе дастаўлены ў спецыялізаванае профільнае аддзяленне.
— Пацыентаў з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю шпіталізуюць у боксавый ізалятар, — расказваюць Еўрарадыё ў Мінскай інфекцыйнай бальніцы. — З шасці звязаных з Кітаем у дваіх грып, яшчэ ў дваіх вынікі на грып і каранавірус адмоўныя. Двое выпісаныя. Астатнія "ў рабоце".
Паступаў пацыент, які вярнуўся з В'етнама, але накіраваны ў іншую мінскую бальніцу: у яго іншы каранавірус — не той штам — і іншае інфекцыйнае захворванне.
Інфекцыяністы дадаюць: калі вы адчулі сябе дрэнна, вярнуўшыся з Кітая ці іншых краін, дзе зарэгістраваны вірус, — вам трэба ў бальніцу. Ні ў якім разе не дабірайцеся туды на грамадскім транспарце. Не забудзьцеся пра ахоўную маску — яна не будзе лішняй. Іншым пацыентам з сімптомамі ВРВІ стасункі з дактарамі ўсё ж лепш пачаць з паходу да ўчастковага тэрапеўта або з выкліку доктара дадому.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.