Фактчэк: як БТ запісала памерлых пацыентаў з COVID-19 у лік тых, хто паправіўся
Увечары 2 красавіка на сайце Белтэлерадыёкампаніі выйшла навіна з загалоўкам "Інфармацыя Мінздароўя: 46 пацыентаў з каранавірусам выздаравелі". Аналагічны тытр: "46 пацыентаў з каранавірусам выздаравелі" — убачылі глядачы тэлеканала "Беларусь 1".
На жаль, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Па стане на 2 красавіка толькі 42 пацыенты з каранавіруснай інфекцыяй выздаравелі. Яшчэ чацвёра памерлі.
Як атрымалася, што на БТ яны трапілі ў лік тых, хто паправіўся? Справа ў тым, як напісаны прэс-рэліз Мінздароўя. Паведамляючы свежую статыстыку, ведамства ўключыла памерлых у лік тых, хто "выздаравелі і выпісаныя з медыцынскіх установаў". Найхутчэй, мелася на ўвазе, што 42 пацыенты выпісаныя па месцы жыхарства, а яшчэ чацвёра — у морг. Так атрымалася лічба 46.
Але на беларускім тэлебачанні статыстыку крыху падправілі ў лепшы бок, напісаўшы, што выздаравела не 42 з 46 пацыентаў, а ўсе 46.
Дарэчы, у тэксце навіны, які агучыла дыктар, інфармацыя пададзеная карэктна: "Выздаравелі і выпісаныя з медыцынскіх установаў — 46". Пасля паведамляецца пра чатыры ахвяры каранавіруса. Але ўдакладнення пра тое, што чацвёра загінулых уваходзяць у лік 46 пацыентаў, якія "выздаравелі і выпісаныя", няма.
Па стане на 2 красавіка ў Беларусі 300 пацверджаных выпадкі COVID-19. 254 чалавекі знаходзяцца ў лякарнях (11 з іх — на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх). 42 пацыентаў паправіліся і выпісаныя. 4 памерлі ад ускладненняў, на якія паўплывала каранавірусная інфекцыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.