Фазель: Мы арганізуем чэмпіянат у Беларусі, калі сітуацыя будзе больш спакойнай
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Рэнэ Фазеля ў Мінску / БЕЛТА
У панядзелак 18-га студзеня стане вядома, ці пройдзе чэмпіянат свету па хакеі 2021-га года ў Мінску. Пра гэта заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель у інтэрв'ю ТАСС. Рашэнне будзе прынята на радзе, якая збіраецца ў гэты дзень.
"Мы планавалі правесці раду 25 студзеня. Але, сыходзячы з цяперашняй сітуацыі, мы ўжо вырашылі правесці раду ў панядзелак у відэафармаце, — распавёў Фазель. — Можа быць, калі мы ў панядзелак зможам улічыць усе нюансы, то мы прымем рашэнне ў панядзелак. Можа быць яно будзе ў сераду, але я ўпэўнены, што да канца наступнага тыдня рашэнне такое будзе".
Па словах чыноўніка, IIHF знаходзіцца пад вялікім палітычным і эканамічным ціскам — спансіраваць турнір, калі ён пройдзе ў Мінску, адмовіліся яго асноўныя партнёры — брэнды Nivea, Skoda i Tissot:
"Мы ведалі, што перад нашым візітам у Мінск, за тыдзень да гэтага, беларускі спартыўны фонд (Фонд спартыўнай салідарнасці — рэд.) напісаў лісты фундатарам IIHF, заклікаючы іх не падтрымліваць турнір і байкатаваць яго. Таму ў нас ёсць сур'ёзныя праблемы як са спонсарамі, так і з палітычнага боку... Палітычны і фінансавы ціскі адчуваюцца. Я думаю, што правесці турнір у Мінску будзе вельмі складана".
Фазель кажа, што турнір у любым выпадку будзе праведзены, нават калі з-за каранавірусу на яго не змогуць трапіць гледачы і калі яго давядзецца перанесці з Мінска — у міжнароднай федэрацыі "ёсць менавіта такое моцнае рашэнне". У любым выпадку, сцвярджае чыноўнік, Мінск прыме Чэмпіянат свету па хакеі, як толькі сітуацыя ў Беларусі стабілізуецца:
"Я ўпэўнены, што мы яшчэ арганізуем чэмпіянат свету ў Беларусі, калі сітуацыя будзе больш спакойнай".
Онлайн-пасяджэнне савета Міжнароднай федэрацыі хакея запланавана на 16:00 (18:00 па мінскім часе), галасаваць наконт правядзення турніру ў Мінску будуць 13 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.