Федэрацыя хакея зняла моладзевую зборную з чэмпіянату краіны і расфармавала
Моладзевую зборную Беларусі здымаюць з чэмпіянату краіны і расфармоўваюць. Такое рашэнне прынята 17 снежня на пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея.
Выступ моладзевай (U20) зборнай на чэмпіянаце свету ў дывізіёне IA стаў галоўным пытаннем, якое разглядалася на сённяшнім пасяджэнні. Беларуская каманда заняла на турніры трэцяе месца і не змагла выйсці ў хакейную эліту. Выканкам прызнаў вынікі выступу каманды нездавальняючымі.
Асноўнай прычынай правалу на пасяджэнні назвалі няздольнасць трэнерскага штаба ў поўнай меры мабілізаваць маладых хакеістаў на дасягненне выніку.
Таму выканкам пастанавіў расфармаваць каманду U20. Другая стадыя "Парыматч-Экстралігі" ў групе 3 пройдзе без удзелу моладзевай зборнай.
Альтэрнатыўную мадэль падрыхтоўкі каманды U20 да наступнага моладзевага чэмпіянату мяркуецца распрацаваць да 20 студзеня 2020 года. Тады ж будуць абмяркоўвацца і кандыдатуры на пасаду галоўнага трэнера каманды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.