Фермерам забараняюць гадаваць свіней, нягледзячы на дазвол ад Саўміна

Пастанова Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання сцвярджае: “У радыусе не менш за 5 кіламетраў ад комплексаў забараняецца ўтрыманне свіней сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі”.

Меры для барацьбы са свіной чумой былі зацверджаныя яшчэ 12 ліпеня 2013 года. Але 14 лістапада 2014 года гэта рашэнне фактычна было адмененае пастановай Савета міністраў. Згодна з ёй, "буферная зона" зменшылася да паўкіламетра.

Прыватны свінакомплекс жыхароў аграгарадка Малеч цяпер не трапляе ў новыя межы 500-метровай зоны. Аднак на тых, хто зноў заняўся свінагадоўляй, працягваюць складаць адміністратыўныя пратаколы. Не дапамагалі і скаргі ў райвыканкам ды пракуратуру.

Чаму ж пастанова Савета міністраў спазняецца з выкананнем у Бярозаўскім раёне? Каб расставіць усе кропкі над "і", 4 лютага ў мясцовым сельсавеце адбылася сустрэча вяскоўцаў з прадстаўнікамі ўлады.

Намеснік кіраўніка Бярозаўскага РАУС Вадзім Пастаялка, паспрабаваў растлумачыць, чаму яго падначаленыя працягваюць складаць пратаколы. Паводле яго слоў, дзеянні і міліцыянтаў, і мясцовай улады з'яўляюцца законнымі.

Вадзім Пастаялка: "Пастановай прадпісана, што гэту зону дазволена зменшыць, але гэта прымаецца рашэннем выканкама. І да таго часу пакуль гэтага рашэння няма, дзейнічаюць старыя абмежаванні. Чалавек, як не юрыст, разважае, што рашэнне дэ-факта ёсць, але на самой справе юрыдычна яно не мае ніякай моцы".

Вадзім Пастаялка дадаў, што ўсе пратаколы знаходзяцца на разглядзе ў пракуратуры. Пасля таго, як Бярозаўскі райвыканкам зацвердзіць рашэнне Саўміна, то адміністратыўныя справы, складзеныя пасля 14 лістапада 2014 года, скасуюць. А тым, хто паспеў атрымаць штраф, нават... вернуць грошы.

Але ж галоўным пытаннем сходу засталося: ці можна ўжо жыхарам Малеча гадаваць свіней?

"Пытанні ставіліся пра памяншэнне зон: калі гэта будзе дасягнута і ў якія тэрміны. І ўлады, калі раней і хацелі зрабіць зону ў кіламетр, то цяпер, пасля размовы, вырашылі зрабіць зону ў паўкіламетра. Але праект рашэння райвыканкама, як нам растлумачылі, знаходзіцца на юрыдычнай экспертызе ў Брэсце", — распавядае пасля сустрэчы мясцовы жыхар Аляксандар Аліхвер.

Удзельнікі сходу таксама дамовіліся пра сумесную з уладамі ўборку тэрыторыі прыватнага свінакомплексу, каб зменшыць рызыкі з'яўлення там свіной чумы. Пасля прыняцця санітарных мер і разгляду ўзгаданай юрыдычнай экспертызы, чыноўнікі паабяцалі даць дазвол на ўтрыманне свіней. Праўда, канктрэтныя даты пакуль не былі названыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі