FIFA высветліць, ці кусаў уругваец Суарэс італьянца К'еліні (відэа)

Яшчэ падчас учорашняга матча футбольнага чэмпіянату свету ў Бразіліі (яго Уругвай выйграў з лікам 1:0) Джорджа К'еліні паказваў арбітру сваё плячо і сцвярджаў, што яго... ўкусіў Луіс Суарэс. Пасля матча італьянец пацвердзіў свае абвінавачанні ды падкрэсліў: суддзя бачыў след ад укуса, але крыўдзіцеля не пакараў. Суарэс заявіў, што "вёў барацьбу і атрымаў удар у вока", інфармуе РІА "Новости".



Сёння FIFA чакае ад Луіса Суарэса альбо ад Асацыяцыі футбола Уругвая іх бачанне сітуацыі. Як вядома, нападаючы, які выступае за "Ліверпуль", ужо быў дыскваліфікаваны на 10 матчаў за ўкус абаронцы лонданскага "Чэлсі" Браніслава Іванавіча. Калі і цяпер Суарэса дыскваліфікуюць, гэта будзе вялікая страта для зборнай Уругвая, якой у матчы 1/8 фінала чэмпіянату свету давядзецца гуляць з Калумбіяй.



Дарэчы, нарвежскі заўзятар паставіў грошы на тое, што форвард зборнай Уругвая Луіс Суарэс укусіць аднаго з гульцоў зборнай Італіі. Адна з букмекерскіх кантор Нарвегіі ўстанавіла на падобны інцыдэнт каэфіцыент 175. У выніку, выйгрыш заўзятара склаў 5600 нарвежскіх крон (гэта каля 916 долараў).

На відэа эпізод з верагодным укусам гл. ад 4.12.


 

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі