Фізіку ў 6 класе заменяць на ўрокі працы, АБЖ і мастацтва

Фізіку ў 6 класе заменяць на ўрокі працы, АБЖ і мастацтва

З першага верасня ў школах чакаецца шэраг рэформ. Частка з іх тычыцца шостых класаў, якія замест фізікі будуць вывучаць… асновы бяспекі жыццядзейнасці і мастацтва. Дадасца і яшчэ адзін урок працы.

"Увесь гэты год у акадэміі паслядыпломнай адукацыі вядзецца перападрыхтоўка выкладчыкаў. То бок, да сваёй кваліфікацыі яны дадалі веды па іншых прадметах. Прадмет АБЖ будзе весціся з дапамогай спецыялістаў з розных структур — МУС, МНС. Выкладчыкі Сусветнай мастацкай культуры таксама пазнаёмяцца з новымі праграмамі і пройдуць перападрыхтоўку”, — распавядае прэс-сакратар Мінадукацыі Юлія Ваніна.

Наколькі лагічны крок Мінадукацыі ў дачыненні да прадмета “Фізіка”, Еўрарадыё запытала ў вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта.

 

Фізіку ў 6 класе заменяць на ўрокі працы, АБЖ і мастацтва

"Праграма, якая была па фізіцы ў 6 класе, базавалася на матэматыцы, якую праходзяць пазней. То бок, шасцікласнік не разумеў фізіку, якую яму выкладалі. Бо ён не валодаў тым матэматычным апаратам, які быў патрэбны па праграме для фізікі шостага класа. Ім давалі задачы з адмоўнымі лікамі, з адмоўнымі ступенямі, а вучань гэтага не мог рабіць. І для таго, каб пакінуць фізіку ў шостым класе, трэба было ці памяняць праграму па матэматыцы, ці змяніць праграму па фізіцы. Яны ж больш простым шляхам прыбралі фізіку".

Такім чынам, фізіку з новага навучальнага года пачнуць вывучаць з 7 класа, як гэта было ў 90-я. Урок “Мастацтва” (былая “Сусветная мастацкая культура”) апроч шостага з’явіцца ў пятым класе — дзецям не будуць задаваць хатняе заданне і ставяць адзнакі на ўроках. 

Другаклашкі таксама будуць знаёміцца з АБЖ і яшчэ глыбей вывучаць беларускую мову — цяпер урокаў роднай і рускай мовы і літаратуры будзе пароўну.

"Пачнём з другіх класаў, праз год гэта будуць другія і трэція, потым другія-трэція-чацвёртыя, і паступова мы пяройдзем на аднолькавую колькасць гадзін вывучэння беларускай і рускай моў. У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы, і мы вырашылі, што яны павінны быць у роўных умовах",тлумачыць галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірына Булаўкіна і дадае, што такім чынам ужо адбываецца "беларусізацыя" старэйшых класаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі