ФК "Дынама-Мінск" і Прэзідэнцкі спартыўны клуб пазбавіліся падатковых ільготаў
З 13 студзеня набыло моц рашэнне Мінскага гарадскога савета дэпутатаў пра паніжэнне занальных каэфіціентаў да ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку ў сталіцы.
У гэтым рашэнні, акрамя ўсяго, са спісу арганізацыяў фізкультуры і спорту, якія маюць падатковую ільготу на нерухомасць, выведзеныя Прэзідэнцкі спартыўны клуб, футбольны клуб "Дынама-Мінск", роварны клуб "Мінск". Таксама падатковых ільготаў на нерухомасць пазбавіліся дзяржаўныя ўстановы (клубы) па гульнявых відах спорту ды іншыя арганізацыі фізкультуры і спорту, маёмасць якіх знаходзіцца ва ўласнасці горада Мінска, піша выданне "Главный бухгалтер". Ільготная стаўка падатку засталася толькі ў арганізацыяў, якія аказваюць бясплатную (спонсарскую) дапамогу Прадстаўніцтву НАК у Мінску.