Фота са зброяй, затрыманні і танцы вольных людзей: як прайшоў нядзельны марш
Марш народнага абвінавачвання 13 снежня 2020 года Мінску / "Наша Ніва"
У нядзелю 13-га снежня беларусы, як звычайна, выйшлі на вуліцы — на Марш народнага абвінавачвання. Як звычайна, прагуляцца па сваіх дварах, раёнах, гарадах ім часам перашкаджалі сілавікі. Праўда, афіцыйна абвешчаны МНС аранжавы ўзровень небяспекі ў выглядзе галалёду не дае людзям у чорным ганяць ва ўсю моц. Таму здаралася вось такое:
Традыцыйна гуляць выйшлі многія раёны Гродна, Брэста, Магілёва, Заслаўя, Мінска. У сталіцы прыгожыя шэсці былі заўважаныя ў Зялёным Лузе, Лебядзіным, на Партызанскім, у Шарыках, Бараўлянах, Асмалоўцы, Уруччф, Малінаўцы, Каменнай Горцы. Ва Уруччы не абышлося без бруталу. Сілавікі білі і штурхалі людзей на вачах у дзяцей. На Сердзіча хлопца паклалі прама тварам у бруд. Таксама білі.
А яшчэ узброеныя сілавікі у камуфляжы рабілі групавое фота. У нас ёсць відэа гэтага дзеяння. Як ты правёў 2020-ы год, тата? Біў людзей, сынок. Вось якімі мы былі прыгажунамі, паглядзі.
На дадзены момант у спісах праваабаронцаў налічваецца больш за 130 затрыманых. З'яўляўся ў ім вэтэран беларускага пратэстнага руху, 84-гадовы паэт Ян Грыб. Праўда, ТГ-каналы пішуць, што спадар Ян усё ж на волі. А ёсць відэа, дзе сілавікі затрымалі дзіцяці. Хлопцу на выгляд 11-12 гадоў.
Пасля 16-й гадзіны паведамлялася пра кропкавыя затрыманні па ўсім Мінску. Асабліва дасталася Сухарава: там сілавікі хадзілі па дварах і пад'ездах. Пры чым, затрыманыя часта проста ішлі па сваіх справах, зусім не гуляючы. Мабыць, у людзей у чорным ёсць нейкі план па затрыманнях і яго трэба было выканаць. Але пакуль у адным раёне выконваўся план, у іншым людзі танчылі пад "Трох чарапах".
Па ацэнцы журналістаў "Нашай нівы", у Мінску сёння адбылося больш за 120 лакальных шэсцяў. Дарэчы, ўпершыню з 9-га жніўня ў нядзелю ў сталіцы не адключалі мабільны інтэрнет і працавалі ўсе станцыі метро.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.