Frikstailers: гэты ні на што не падобны “глокал”

У беларускай сталіцы новы фестываль. У фокусе крэатыўных прамоўтараў з Bo-Promo не проста нейкія хэдлайнеры, а цэлы канцэпт — жывая электронная музыка. Фэст з гуллівай назвай "Электронныя забавы" пачынаецца ў суботу 20 верасня ў мінскім “Рэпабліку” і мусіць паказаць тое свежае, што існуе ў электроннай музыцы: эксперыменты і забавы.

Еўрарадыё выбірае з лайн-апу самы замежны дуэт — музыкаў з Аргенціны Frikstailers, якія і дадуць справаздачу перад намі за ўсё, што твораць сучасныя электроншчыкі.

Кумбія — першы стыль музыкі, пад які танчыш на вечарынках, калі ты аргенцінец

Наш суразмоўца Рафаэль выходзіць на сувязь з Еўрарадыё позняй раніцай, у 16:00... Пазяхае, пасля ўсміхаецца да вушэй і вымаўляе:

Frikstailers: Прывітанне, Мінск! Як там у вас?

Еўрарадыё: Ола, Фрыкстайлерз. Вось, вас чакаем. Але, шчыра, мала што пра вас ведаем. Мо, самі распавядзіце?

Frikstailers: Ха-ха, без праблем. Frikstailers — гэта праект, які мы распачалі ў Аргенціне 8 гадоў таму. Гэта быў чыстай вады эксперымент над электроннай танцавальнай музыкай. Ведаеце, нам вельмі надакучылі прадзюсары з Лацінскай Амерыкі, якія ўвесь час робяць адно і тое ж, капіруюць пад чыстую ўсё, што выпускаюць у Еўропе ды Амерыцы. А мы не такія, мы пачалі эксперыментаваць з нашымі арыгінальнымі рытмамі, мелодыямі, з нашымі мясцовымі энергіямі! То бок з кумбіяй (cumbia). Ведаеце, кумбія — гэта першы стыль музыкі, пад які танчыш на вечарынках, калі ты аргентынец.

Нашай пляцоўкай былі Zizek-вечарынкі ў Буэнас-Айрэсе. Яны праходзілі кожную сераду і з’яўляліся сапраўднай лабараторыяй для аргенцінскіх прадзюсараў. Музыкі маглі выдумляць нешта і наўпрост тэсціць рэакцыю танцпола на новыя гучкі і ідэі. Гэта была і наша лабараторыя, і мы сталі пісаць шмат музыкі ды прыглядацца, як танцпол рэагуе на тое, да чаго ён не прызвычаіўся. Людзі былі прыемна здзіўленыя новым гукам, і ў той жа час, яны чулі блізасць да гэтай музыкі, бо яе аснова — тая "старая любімая" кумбія, пад якую яны танчылі з самай сваёй першай дыскатэкі ў жыцці.

Гэтыя эксперыменты былі нечым вельмі асаблівым, але ў той жа час, вельмі супярэчлівым, бо кумбія — такі папулярны музычны стыль, “для народа", а электронная музыка ў нас была сфакусаваная на эліце, вышэйшым класе. І на пачатку людзі ад электроннай музыкі скардзіліся: “Як так! Электронная музыка міксуецца з чымсьці некрутым! (як кажуць у нас "калгасным”— Еўрарадыё). Але мы працягвалі, і ўцягвалі ў нашу ідэю ўсё больш людзей, і, нарэшце, перамаглі!

Мы любім уяўляць сябе істотамі з іншых планет

Еўрарадыё: Распавядзі, што жывога і фрыкавага ў вашай электроніцы?

Frikstailers: У нас шмат цацак! Мы любім выкарыстоўваць рэчы, якія звычайна не ўжываюць у жывых сэтах. У нас ёсць інструменты з відэагульняў, напрыклад, гітара з Gitar Hero, ці барабаны з Rock Band Percussion. Таксама ў нас ёсць Dance Dance Revolution танцавальны пэд, падключаны да сэмплера. Мы ператвараем цацкі ў сапраўдныя інструменты! Я, напрыклад, на звычайнай гітары не ўмею граць, але патрэбныя мне мелодыі лёгка выдаю на маёй Gitar Hero-гітары. Увогуле, наша жывое шоў вельмі адрозніваецца ад таго, што ёсць на альбоме. Яно мае сваю асаблівую энергетыку. З аднаго боку, гэта музыка, якая ўводзіць у адмысловы танцавальны стан, але ў той жа час гэта перформанс! Нават калі вы не звернеце ўвагу на музыку, то хаця б вочы будуць задаволеныя.

Еўрарадыё: Вы надзенеце гэтыя флюарэсцэнтныя акуляры...

Frikstailers: Так, мы любім уяўляць сябе істотамі з іншых планет.

Еўрарадыё: А дзе вы бераце касцюмы? На вас працуюць дызайнеры?

Frikstailers: Усё робім самі! Акуляры, дарэчы, я зрабіў адмыслова для выступу на Boiler Room. Я запарыўся, каб зрабіць нешта асаблівае для гэтага шоў, доўга думаў, што б магло быць такім крутым, знайшоў матэрыялы, пакруціў-павярцеў і зрабіў гэтыя вялікія вочы, якія свецяцца ўночы. Do it Yourself — гэта нашая філасофія. Увесь праект з гэтага створаны, татальны DIY.

Еўрарадыё: Распавядзі пра іншых аргентынскіх электронных музыкаў.

Frikstailers: Як я ўжо ўзгадаў, было шмат прадзюсераў, якія гучалі падобна на тое, што ў было ў Еўропе. Але лэйбл ZZK і Zizek-вечарыны зрабілі сапраўдны пераварот. Шмат хто дзякуючы ім развіў вельмі круты і ні на што не падобны саўнд. Напрыклад, Chancha Via Circuito, адзін з маіх любімых музыкаў у свеце! У яго настолькі чыстая энергія ў гуку, да якой можна наўпрост дакрануцца!

Таксама цікавы праект Tremor, а яшчэ ў іх неверагоднае жывое шоў. А яшчэ не магу не ўзгадаць новае пакаленне музыкаў, якія не належаць лейблу ZZK, але выключна цікавыя. Як хлопцы з Корвалы (горад у Аргенціне), якіх клічуць Los Reyes De La Milanga. Кожны раз, калі яны выдаюць нешта, мне хочацца ўскрыкнуць: "Ваў! Гэта тое, пад што я хачу заплюшчыць вочы і патанчыць прама цяпер!"

Калі мы паказалі яму відэа, ён проста звар'яцеў ад смеху

Еўрарадыё: Ваш апошні альбом Crop Circles стракоча стылямі, некаторыя з іх бразільскія. Ведаем, што ў футболе Бразілія і Аргенціна заўзятыя ворагі. У музыцы няма забабонаў?

Frikstailers: Дарэ-э-эчы, у нашым новым відэакліпе на Crop Circles ёсць жарт на гэтую тэму. Мы там у выглядзе двух іншапланецян, якія ляцяць на касмічных караблях-галяках на "валасатую" планету, дзе жывуць "валасатыя" людзі. Мы выгольваем валасы на гэтай планеце і робім “Crop Cicles", і ў адным з "кругоў" з’яўляецца славутая фраза Марадоны пра Пеле...

Насамрэч, мы сумняваліся, ці варта гэты футбольны жарт змяшчаць у нашым кліпе, мы не любім футбол. Але хлопец, які рабіў нам відэа — вялікі футбольны заўзятар. І наш мэнэджар таксама фанат футбола. Калі мы паказалі яму відэа, ён проста звар'яцеў ад смеху — разумееце, гэта секундны жарт, ён прачытаў гэтую фразу “Pele debuto con un pibe” (“Пеле пазбавіўся нявіннасці з хлопчыкам”) і смяяўся, смяяўся, смяяўся, ажно пакуль мы не пагадзіліся пакінуць гэты жарт у відэа. Але, праўда, мы не футбольныя фанаты, мы не бачым ніякай розніцы паміж Бразіліяй і Аргенцінай. Больш скажу, трапіць у Бразілію для аргенцінца — як трапіць у вырай падчас лета. Так што ўся гэтая непрыязь толькі ў сферы футбола. А ў музыцы... Нам падабаюцца рытмы — боса-нова, самба, фаро — у бразільцаў шыкоўны музычны рэпертуар.

Еўрарадыё: Які лёс у сучаснай музыкі? Глабалізацыя зробіць усю яе аднолькавай, ці яшчэ застанецца паслухаць хоць што-небудзь ні на што не падобнае?

Frikstailers: Таксама пра гэта часта думаю. Глабалізацыя гуку відавочная. Людзі па ўсім свеце танчаць пад хаўс, тэхна, ці што іншае. Але таксама існуе цікавая канцэпцыя — “глокал”. Гэта канцэпцыя ўплыву глабалізацыі на лакальнае. Мы сябе акурат да гэтага паняцця адносім — "глакалізацыі". То бок мы робім мікс лакальнага з тым, што пранікла ў нашу культуру праз інтэрнэт. А пасля вяртаем інтэрнэту назад гэты ні на што не падобны “глокал”.

Frikstailers вытупіць 20 верасня ў клубе Re:Public на "Электронных забавах" разам з Shuma, Long Arm, СПБЧ і Deech.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі