Фёдар Поўны: Святары сталі ахвярамі інфармацыйнага гвалту
Фёдар Поўны/ АНТ
Настаяцель Храма-помніка ў гонар Усіх Святых Фёдар Поўны даў інтэрв'ю дзяржканалу, у якім разважаў пра "ўрокі жніўня 2020 года", закрануўшы "слабое звяно" праваслаўнай царквы і "духоўна-маральнае выхаванне моладзі".
У 2020 годзе шматлікія святары публічна асудзілі гвалт сілавікоў супраць мірных грамадзян, якія выйшлі на пратэсты. Але ў Фёдара Поўнага іншае меркаванне.
"Храмы — гэта не палітычныя трыбуны, — лічыць святар. — Не пляцоўкі для перадвыбарчых або паслявыбарчых дэбатаў, не месца для гучных перасьцярогаў. [...] Абмяркоўваць вострыя праблемы грамадства, растлумачваць духоўны сэнс рэзанансных падзей — гэта фармат гутаркі. Магчыма, прыватнай. Магчыма, публічнай. Але за межамі храма, па-за кантэкстам Боскай літургіі. Але і тады святар нясе адказнасць за кожнае прамоўленае слова. І ўсё ж галоўная задача святара — гэта малітва".
Па словах Поўнага, 2020 год паказаў "слабое звяно" царквы, якое трэба выпраўляць з дапамогай факультатыва па патрыятычным выхаванні.
"Думаю, што, як і ўсіх жывых людзей, некаторых святароў захлыснулі эмоцыі. Яны сталі ахвярамі інфармацыйнага гвалту. Трэба сказаць, што многія шчыра лічылі, што гэта іх погляд, што яны выступаюць супраць хлусні і здзеку над людзьмі. Але ці так гэта? Калі б гэта быў па-сапраўднаму евангельскі погляд, у духу Евангелле, а не пад яго прыкрыццём, то ўсё было б па-іншаму".
Поўны прызнаўся таксама, што шчаслівы, што ў школы з новага навучальнага года прыйдуць сьвятары, дзе "зноў будуць выхоўваць асобу":
"Гэта адзін з засвоеных урокаў жніўня 2020 га. На гэтым фоне дзяржава аказала давер беларускай праваслаўнай царкве, прапанаваўшы садзейнічаць у фарміраванні высокіх маральных якасцяў і любові да айчыны ў дзяцей і моладзі. На мой погляд, гэты крок лагічны. Таму што светапогляд фарміруецца на тых каштоўнасцях, якія перадаюцца ад продкаў з пакалення ў пакаленне. Забыцца пра іх — значыць страціць сябе як нацыю, страціць ідэнтычнасць. [...] Задача царквы ў межах навучальных устаноў — ачалавечваць, а не прапаведаваць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.