Галоўчанка заявіў, што праблем з транзітам калійных угнаенняў праз Украіну няма
17 лютага прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што праблем з транзітам беларускіх калійных угнаенняў праз Украіну няма. "Пастаўкі угнаенняў... як ажыццяўляліся, так і ажыццяўляюцца", — кажа ён. Больш таго, дадае Галоўчанка, "украінскі бок падае сігналы пра зацікаўленасць у нарошчванні перавалкі праз свае магутнасці".
З 1 лютага вазіць беларускія калійныя ўгнаенні ў порт Клайпеды адмовілася Літва, якая адрэагавала на амерыканскія санкцыі, уведзеныя супраць "Беларуськалія". Абмежаванні ў дачыненні прадукцыі гэтага прадпрыемства і Беларускай калійнай кампаніі ўвяла Украіна. Аднак транзіт працягвае кампанія-пракладка (ці кампаніі) з Беларусі. Гэта пацвярджае Раман Галоўчанка: "У нас працуюць іншыя экспедытары і перавозяць нашы грузы, як украінскім спажыўцам, так і транзітам праз тэрыторыю Украіны". Відэа з гэтымі словамі прэм'ера, сказанымі падчас наведвання "Гродна Азота", апублікавала прэс-сакратар ураду.
Таксама транзіт калійных угнаенняў з Беларусі будзе здзяйсняцца праз Расію, якая ў гэтым пытанні "ідзе насустрач", адзначае Галоўчанка. І на мінулым тыдні ўжо была вялікая нарада. Але ніякай канкрэтыкі не прагучала. Прэм'ер працягвае сцвярджаць, што спыненне транзіту калійных угнаенняў праз Літву не нясе страт для беларускай эканомікі. Беларускі бок падаў іск на тэрыторыі Літвы з-за скасавання дамовы на перавозку прадукцыі "Беларуськалія" і спадзяецца атрымаць кампенсацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.