"Гаспадар увесь час павінен быць побач. За гэта я яго ліжу"
На выставе сабак Еўрарадыё ўзяло інтэрв'ю ў лепшых сабак пра лепшых гаспадароў.
Юрый, 62 гады, масажыст і кур'ер у інтэрнэт-краме
Нафа, 3 гады, скайтэр’ер
Я сабака свайго гаспадара. Неяк раз гаспадаровы сябры хацелі мяне пастрыгчы, пакуль яго не было, дык я іх пакусаў. Я магу падыходзіць да чужых людзей. Але чужым да мяне лепш не падыходзіць. Проста так сябе гладзіць не даю, але дзецям часам дазваляю. Са мной у кватэры жыве яшчэ бульмастыф Фарт. Калі ён кладзе гаспадару галаву на калені, я залажу яшчэ вышэй, кладу галаву на грудзі і рычу. Гэты выскачка павінен ведаць сваё месца. Маё ж месца ля гаспадара, я люблю улегчыся на яго і разам глядзець тэлевізар па вечарах.
Аляксандр, 51, журналіст, паляўнічы
Айка, 1 год 7 месяцаў, італьянскі спінонэ
Я нарадзілася пад чэшскім Брно, потым мяне шчанюком адправілі самалётам у Шарамеццева, а адтуль я трапіла ў Мінск. Маю пароду вывелі для палявання, я выжал. Пакуль палюю з гаспадаром на курапатак і бакасаў, у планах у нас качкі. Мая задача — замерці і зрабіць стойку, паказаўшы гаспадару, дзе знаходзіцца птушка. Потым я яе спужваю і прыношу ўжо забітую. Прыношу і спужваю я добра, а вось маёй стойкай гаспадар пакуль не задаволены. Наогул, я даволі крыўдлівая, не люблю, калі на мяне лаюцца. Магу два дні дзьмуцца і глядзець з-пад ілба. Ненавіджу катоў, і калі б не гаспадар...
Эла, 42 гады, хатняя гаспадыня
Гуф, 2,5 года, бульмастыф
Я з усімі сябрую — з дзецьмі, з сабакамі і нават з катамі. Калі ты такі вялікі, то можна дазволіць сабе быць добрым. Я не бегаю пад нагамі, не мітушуся, люблю паспаць. У Ліепаі, дзе мы жывём, асабліва няма сабак майго памеру і мне няма з кім пагуляць ва ўсю моц, гэта, вядома, прыкра. А так люблю паесці, мяшка корму хапае на 20 дзён, некалі катлетка перападзе або сыр які, я не ўпушчу шанцу.
Валянцін 40 гадоў, грумер, хэндлер і брыдар
Вінтаж, 2 гады, амерыканскі кокер-спаніэль
Я люблю тусоўкі, усе гэтыя выставы і паказы — гэта проста маё. Са мной і гаспадаром у кватэры жывуць яшчэ чатыры кокеры, але я любімчык. Гаспадар ўвесь час павінен быць побач. За гэта я яго ліжу.
Наташа, 40 гадоў, гукарэжысёр кіно і тэлебачання
Эдысан, 1год і 8 месяцаў, маскоўская вартаўнічая
Я — дабрак. Жыву ў вальеры з сенбернарам і іншымі "масквічамі". Маё дасягненне — пакуль не згрыз ніводнага тапка. Люблю паесці. Калі галодны, магу умяць 1,5 кг корму. Пра лужыны сліны — гэта на мяне нагаворваюць, магу пусціць сліну толькі калі гаспадыня нешта смачнае есць, а мне не дае.
Таццяна, больш за 40 гадоў, дырэктар транспартна-лагістычнай кампаніі
Веста, 4 гады (злева), бівер ёркшырскія тер’еры
Для мяне гаспадыня — гэта ўсё. Я люблю пастаянна быць у яе на руках, а калі яна сыходзіць, я ўвесь дзень скулю. Я сама абрала сабе гаспадыню. Шчанюком я жыла ў Германіі, і калі яна прыехала за адным сабакам, я залезла да яе на рукі і больш не злазіла. Не люблю, калі мяне ўвесь час расчэсваюць, але трываю. Яшчэ раз на тыдзень хаджу на трэніроўкі па паслухмянасці і на сабачы фітнес. Гэта ўсё для выстаў. Гаспадыня думае, што я ад іх дурэю. Я чэмпіёнка Беларусі, Расіі, Украіны і Балгарыі.
Георгій, 46 гадоў, былы вайсковец
Аргус i Балу, 3,5 і 4,5 года, паўднёваафрыканскія бурбулі
Мы ўваходзім у склад ахоўна-вартавой службы. Любім трэніроўкі, ездзім на розныя спаборніцтвы. Па камандзе бегаем за людзьмі ў ватніках. Жывём у Маладзечне ў доме на ўскрайку, таму часта гуляем з гаспадаром па пустках, іншых сабак асабліва не сустракаем. Так што, мы спакойныя хлопцы, але лепш не правакаваць.
Аня Карлсан, 64 гады, заводчык коней і сабак, валанцёр
Яспер, 2,5 года, парсан-расэл-тэр'ер
Я ўпершыню ў Беларусі, цяпер у нас з гаспадыняй тур па выставах, нядаўна, вось, з Літвы вярнуліся. А так, мы жывём на вялікай ферме недалёка ад Хельсінкі. Я жыццярадасны пёс, у мяне шмат сяброў сярод сабак. Мая гаспадыня часта бярэ розных сабак на ператрымку, і я з усімі знаходжу агульную мову. Шчыра кажучы, я ўжо трохі стаміўся ад падарожжаў і хачу дадому ў Фінляндыю.
Магдалена, 42, ветэрынар
Блэк Джэк, 3 гады, рускі чорны тэр'ер
Я жыву ў Польшчы, у гаспадароў невялікі дом недалёка ад лесу. Там са мной жывуць яшчэ восем сабак. Маю пароду чамусьці называюць сабакам Сталіна, чорным прывідам КДБ і аўтаматам Калашнікава. Яе вывелі ў Савецкім Саюзе ў 50-х гадах для аховы ваенных аб'ектаў, калгасаў і лагераў. Таму я павінен мала есці, быць паслухмяным і працавітым. Але ў першую чаргу я абаронца. На спецыяльных занятках для сабак-ахоўнікаў я паказваю добрыя вынікі, калі просяць, кідаюся на мяккі рукаў. Але па жыцці не люблю высоўвацца, я вельмі ўраўнаважаны, а больш за ўсё люблю, калі мяне чухаюць.
Святлана, 44 гады, арт-дырэктар часопіса
Філя, 1 год 4 месяцы, веймаранер
Люблю тачыць зубы. На маім рахунку абіўка ўваходных дзвярэй. Яшчэ канапу люблю пагрызці, падушку знішчыў, дзве пары абутку, тры кофты — усё гаспадыніна. Рэчы гаспадара я не чапаю. З гаспадаром мы на паляванне ходзім на трэніровачную базу. Пакуль я малады, палюем на перапёлку, але мару пра фазанаў. Я пераборлівы да ежы, у мяне спецыяльныя гіпаалергенныя кармы. Але не адмоўлюся ад паштэту або індыка. Праўда, калі мы прыязджаем на дачу, дзе жыве мой сапернік зененхунд, лопну, але не пакіну яму нават хлебнай крошкі.