Гайдукевіч: Дэкрэт “аб дармаедах” патрэбны ― яго проста трэба ўдасканаліць
Сенатар Сяргей Гайдукевіч прапануе дапрацаваць прэзідэнцкі Дэкрэт “аб дармаедах”. На яго думку, Дэкрэт неабходны для барацьбы з ухіленнем ад выплаты падаткаў, ценявымі прыбыткамі і дармаедствам, але пад яго дзеянне трапіла шмат людзей “не вінаватых”. Падаткавікі, кажа сенатар, проста дасылаюць позвы ўсім, хто не працаваў пэўны перыяд, не разбіраючыся ў жыццёвай сітуацыі чалавека.
Гайдукевіч: А такіх сітуацый вельмі шмат, што прыводзіць да абурэння людзей. Калі чалавеку дасылаюць з падатковай паперу заплаціць, ён прыходзіць і расказвае, што ў яго хварэла дзіця ці што ён не мог з нейкіх аб’ектыўных прычын уладкавацца на працу ― ніхто нічога не слухае! На месцах працуюць цалкам непадрыхтаваныя людзі: у іх ёсць Дэкрэт ― яны і дасылаюць позвы. А мы хочам зрабіць так, каб не ўзнікала сітуацый, калі людзі плацяць ні за што”.
Для гэтага прапануецца дапрацаваць прэзідэнцкі Дэкрэт і стварыць для гэтага адмысловую камісію. У яе мусяць увайсці прадстаўнікі заканадаўчых органаў, урада, мясцовай выканаўчай улады, а таксама распрацоўшчыкі гэтага Дэкрэта. Па словах Гайдукевіча, сёння трэба не збіраць подпісы за адмену дэкрэта “аб дармаедах”, а прапаноўваць рэальныя рашэнні праблемы, з якой сутыкнуліся сотні тысяч беларусаў.