Газету “Вольны горад" не пакаралі

Пазоўнікі, рабочыя Чэрыкаўскай ПМК-280 Вольга Байгала і Пётр Конеў, адмовіліся ад кампенсацыі маральнай шкоды. Яны патрабавалі ад рэдакцыі 16 мільёнаў рублёў.

Нагадаем, што нагодай для судовага разбіральніцтва стала публікацыя артыкула ў газеце “Вольны горад” пад назвай “З абвяржэннем пачакаем”. Газета выйшла з друку сёлета ў чэрвені. Рабочыя ПМК-280 тынкоўшчыца Вольга Байгала і столяр Пётр Конеў, прачытаўшы яе, нібыта, перанеслі маральныя пакуты з нагоды таго, што ў газеце было пазначана, што з імі неналежным чынам былі заключаны працоўныя дамовы. Пасля гэтага яны адразу звярнуліся з пазовамі ў суд.

Падчас першага судовага пасяджэння, якое адбылося 15 кастрычніка, яны так і не здолелі належным чынам патлумачыць, што менавіта выклікала ў іх гэтыя пакуты. Цікава, што адмова ад пазову супала з тым, што змяніўся кіраўнік Чэрыкаўскага райвыканкама. Сітуацыю каментуе рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны:

Я думаю, што адмова ад пазову адбылася з-за таго, што знік галоўны замоўца гэтага працэсу.  Я лічу, што гэта быў менавіта былы старшыня Чэрыкаўскага райвыканкаму Мікалай Кадаценка. Ён змяніў месца працы і працуе зараз у Бялынічах. Менавіта ад яго ішлі імпульсы, каб гэтае ПМК-280 распачало ўсе судовыя працэсы і падала пазовы супраць нас. Тое, што адбывалася 24 кастрычніка, нас здзівіла, але потым мы зразумелі, чаму так адбылося. Пазоўнікі не з’явіліся ў суд і прыехала толькі адвакатка. Мы адразу заявілі хадайніцтва, што без пазоўніка адмаўляемся ўдзельнічаць у гэтай справе”.

Рэдактар незалежнага выдання кажа, што рэдакцыі газеты не было зразумела, адкуль узялася сума маральнай кампенсацыі ў памеры 16 мільёнаў рублёў, якую патрабавалі рабочыя, а таксама іх хвалявала пытанне, у чым усё ж такі заключаліся іх маральныя пакуты. Працягвае Сяргей Няроўны:

Адвакатка сказала, што пазоўнікі не з’явіліся ў суд, бо іх не адпусцілі з працы. У нас гэта выклікала проста здзіўленне і нават смех. Заўсёды на суды прыязджалі, а тут раптам іх не адпускаюць. Потым адвакатка перадала дзве заявы суддзі, і суддзя іх агучыла. Гэтыя заявы былі ад Байгалы і Конева. Менавіта яны выступалі пазоўнікамі ў гэтым працэсе. У заяве было патлумачана, што яны адмаўляюцца ад прэтэнзіяў да нас, бо перастала існаваць акалічнасць для гэтага пазову, і суддзя вынесла вызначэнне, што справа скончана”.

Рэдактар “Вольнага горада” кажа, што патлумачыць, што ж гэта была за акалічнасць, адвакатка адмовілася.

Я думаю, што як толькі Мікалай Кадаценка з’ехаў з Чэрыкаўскага раёна на іншае месца працы, то ў ПМК-280 знікла жаданне з намі звязвацца, бо гэта абыходзіцца ім вельмі накладна. Акрамя таго ў працэсе суду высвятліліся такія рэчы і так паказалі сябе сведкі, што можна пра гэты суд пісаць цэлую паэму на працягу года. Журналіст Гярдзей абяцаў гэтым заняцца”, — адзначыў Сяргей Няроўны.

Варта адзначыць, што артыкул “З абвяржэннем пачакаем” стаў працягам разбіральніцтва вакол артыкула “Прыгонныя”, які быў апублікаваны раней. Крычаўскі раённы суд абавязаў незалежнае выданне “Вольны горад” надрукаваць абвяржэнне  артыкула, які, нібыта, дыскрэдытаваў кіраўніцтва прадпрыемства і падрываў дзелавую рэпутацыю ПМК-280. Аднак пакуль ішла працэдура абскарджвання судовага рашэння і само рашэнне не набыло законную сілу, журналісты надрукавалі чарговы артыкул “З абвяржэннем пачакаем”, які зноўку не спадабаўся рабочым, і яны ў чарговы раз падалі пазовы ў суд.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі