Герой “Чарнобыльскай малітвы”: Чарнобыль як і вайна — сёння не так людзям баліць

Герой “Чарнобыльскай малітвы”: Чарнобыль як і вайна — сёння не так людзям баліць

Даведка Еўрарадыё: Яўген Аляксандравіч Броўкін — старшы выкладчык кафедры гісторыі славян гістарычнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Чытае наступныя курсы: гісторыя паўднёвых і заходніх славян, гісторыя рэлігіі, гісторыя рэлігій краін Усходу, гісторыя рэлігій краін Еўропы і Амерыкі, рэлігіязнаўства, гісторыя паўднёвых і заходніх славян.

 

"У першыя ж дні пасля аварыі з бібліятэк зніклі кнігі пра радыяцыю, пра Хірасіму і Нагасакі, нават пра рэнтген. Пранесліся чуткі, што гэта загад начальства, каб не было панікі. Быў нават жарт, што калі б Чарнобыль узарваўся ў папуасаў, увесь бы свет спалохаўся, акрамя саміх папуасаў. Ніякіх медыцынскіх рэкамендацый, ніякай інфармацыі. Хто мог, даставаў таблеткі ёдзістага калію (у аптэках нашага горада ў продажы іх не было, даставалі па вялікім блаце). Здаралася, што з'ядалі гэтых таблетак жменю і запівалі шклянкай спірту. "Хуткая дапамога" адкачвала..."

“Чарнобыльская малітва”, урывак з “Маналогу пра месяцавы пейзаж” Яўгена Броўкіна

 

Гэта радкі з кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Радкі належаць выкладчыку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Яўгену Броўкіну. Не словы, а менавіта радкі: у адрозненне ад іншых герояў кнігі, Яўген Аляксандравіч са Святланай Алексіевіч не сустракаўся падчас яе працы над кнігай.

“Я прачытаў аб’яву з газеце з просьбай дасылаць сваю — жывую і сапраўдную — інфармацыю пра Чарнобыль. І напісаў ліст, у якім выклаў тое, што бачыў сам і што чуў ад людзей, — распавядае Яўген Броўкін. — Алексіевіч зрабіла найлепшае, што можна было, — захавала калектыўную памяць народа. Бо як яшчэ можна пра гэта нагадваць людзям? Ну, так, як у нашых традыцыях: да гадавіны чарговай людзям пра аварыю нагадваць… І яшчэ пры дапамозе камп’ютарнай гульні “Сталкер”.

Мой суразмоўца жартуе: сёння і ён адчувае сябе “крыху нобелеўскім лаўрэатам” — усё ж нейкім чынам спрычыніўся да таго, каб і ў беларусаў быў “свой асабісты лаўрэат Нобеля”.

 

 

Сёлета гадавіна аварыі на ЧАЭС “юбілейная” — 30 гадоў мінула. На пытанне, як за гэты час змянілася яго стаўленне да той падзеі, Яўген Аляксандравіч адказвае прапановай: “Хочаце, я вам верш прычытаю — 10 гадоў таму напісаўся? Называецца “Маналог адсяленца”. Тыя пачуцці, што ў вершы адлюстраваліся, і сёння ў мяне”.

 

Над галечай стагоддзі кружылі
Па адметнай смузе, без аздобы
Дык хіба мы зашмат саграшылі,
Што пан Бог нам пакінуў Чарнобыль?
І навошта марнуе пялёсткі
Вецер, з яблынь дашчэнту зрываючы?
Калі вокны забіты на дошкі,
Свет пабачыць ахвоты не маючы?
Акаём набліжае здалёку
Шлях дадому, бы памяць, шануючы,
Толькі хата, што ў сэрцы з малечы
Не прытуліць дзяцей маіх будучых.
Мы жылі, мы кахалі, рабілі
І смяяліся, і плакалі ўпотай
Дык хіба мы зашмат саграшылі,
Што пан Бог нам пакінуў Чарнобыль?

"Маналог адсяленца", верш Яўгена Броўкіна

 

“У мяне адчуванні амаль тыя ж, што былі адразу пасля аварыі, а вось людзі… Забыліся за 30 гадоў. Для большасці тое — як смог на вуліцы. Не, яно ўсё памятаецца, але ж адыходзіць усё далей… Ну, як і тая ж вайна не так людзям баліць ці нават савецкі час — не так востра згадваецца памяццю”, — разважае выкладчык гісторыі.

Дарэчы, пра тыя кніжкі пра радыяцыю, што зніклі раптоўна з бібліятэк. Цікаўлюся, гэта яго асабісты досвед, сам сутыкнуўся ці хто расказаў.

Яўген Броўкін : “У мяне адабрала сама бібліятэкарка! Нешта я там знайшоў пра Хірасіму. Узяў і пайшоў, як добры дурань, запісваць кнігу на сябе, а яна мне: “Гэта браць нельга!” Вось, што прачытаў, прагортваючы — тое маё, а так — “Нельга!” Хто выдаў такі загад — невядома, бо самі бібліятэкары кнігі прыбіралі з паліц. А тут забыліся схаваць, і я на тую кнігу трапіў”.

 

"Запомніў, як вяртаўся з камандзіроўкі. Сапраўдны месячны пейзаж... Паабапал дарогі да самага небакраю доўжыліся засыпаныя белым даламітам палі. Верхні забруджаны пласт зямлі зняты і пахаваны, замест яго насыпалі даламітавага пяску... Як не зямля...” 

“Чарнобыльская малітва”, урывак з “Маналогу пра месяцавы пейзаж” Яўгена Броўкіна

 

Герой “Чарнобыльскай малітвы”: Чарнобыль як і вайна — сёння не так людзям баліць

“Цяпер там звычайныя гаспадарчыя палі — і не відаць, што яны некалі даламітавымі палямі былі. Але ж ёсць такая з’ява, як сістэма адкрытых палёў, калі пыл ветрам спакойна ганяе. Атрымліваецца, што ўсё ў нас такое — падмешанае. Людзі ў нас на Гомельшчыне прызвычаіліся. Гэта раней глядзелі, дзе бяспечней, дзе не вельмі, а цяпер прызвычаіліся”.

"Я задумаўся, чаму пра Чарнобыль маўчаць, мала пішуць нашы пісьменнікі, працягваюць пісаць пра вайну, пра лагеры, а тут маўчаць. Думаеце, выпадковасць? Калі б мы адолелі Чарнобыль, пра яго гаварылі і пісалі б больш. Ці калі б мы яго зразумелі. Мы не ведаем, як здабыць з гэтага жаху сэнс. Не здольныя. Бо яго нельга прымераць ні да нашага чалавечага вопыту, ні да нашага чалавечага часу”.

“Чарнобыльская малітва”, урывак з “Маналогу пра месяцавы пейзаж” Яўгена Броўкіна

 

Кранаем і тэму беларускай АЭС, што будуецца ў Астраўцы. Яўген Броўкін выказваецца на яе конт асцярожна:

“Што тут казаць… Электрычнасць патрэбная… Можа, разумнейшыя будзем пасля Чарнобыля… Іншую мадэль возьмем, ну, і ўлічым тое, што ўжо было. Я на гэта спадзяюся хаця б. А так без электрычнасці куды? І непакоішся трохі, і разумееш, што нешта патрэбна”.

Еўрарадыё: То, можа, забыцца пра тую чарнобыльскую аварыю як пра страшны сон і пачаць усё “з чыстага аркуша”?

Яўген Броўкін: Не, з чыстага не трэба, бо тады яно ізноў адбудзецца. Трэба ўлічыць мінулае, нават негатыўнае. Не ставіць яго вышэй за ўсё, але ўлічваць трэба. Памятаць і трошкі-трошкі так нагадваць, што ёсць такое і не трэба зноў таго самага”.

Еўрарадыё: Вам не падаецца, што дзяржава памятаць асабліва не хоча: і землі забруджаныя ў пасяўны абарот вяртаюць, і льготы ў ліквідатараў забралі?

Яўген Броўкін: Цяжка сказаць… Я бачыў “ліквідатараў”, які кіравалі здаля, па тэлефоне. Таму гэта цяжкае пытанне наконт ільготаў і ўсяго астатняга. А ўвогуле жыць жа патрэбна. Вунь у той Хірасіме ці Нагасакі горад ізноў стаіць — і працуюць, і жывуць. Мабыць, і мы нешта ў тым духу робім: жыць нягледзячы на тое, што было.

 

"Людзі заклапочаныя днём і бытам: за што купіць, куды паехаць? У што верыць? Пад якія сцягі зноў стаць? Гэта перажываюць усе і кожны. А пра Чарнобыль хацелі б забыць. Па першым часе спадзяваліся яго адолець, але, зразумеўшы марнасць спроб, замоўклі. Цяжка абараніцца ад таго, чаго мы не ведаем. Чаго чалавецтва не ведае. Чарнобыль перамясціў нас з аднаго часу ў іншы.

Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх..."

“Чарнобыльская малітва”, урывак з “Інтэрв’ю аўтара з самім сабой аб прапушчанай гісторыі” 

 

Фота: Змітра Лукашука, www.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі