“Гэта даўно яго прэмія”: вядомыя беларусы пра Нобелеўскую прэмію міру Бяляцкага
Алесь Бяляцкі на ілюстрацыі Нобелеўскай прэміі / @NobelPrize
Прызначэнне Нобелеўскай прэміі міру беларускаму палітзняволенаму, заснавальніку праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму — гонар для ўсіх беларусаў. Так кажа Святлана Ціханоўская. Ёсць і тыя, хто лічыць, што не беларусы заслугоўваюць атрымаць прэмію за 2021 год.
Еўрарадыё паглядзела, як беларускія медыйныя асобы віншавалі Алеся Бяляцкага.
Заслужыў — гэтага мала сказаць
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч называе Бяляцкага “міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы”.
— Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія. Што зробіць з ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек не можа быць у турме — гэта прыніжэнне і народа, і самой улады, калі яна гэта разумее.
Святлана Ціханоўская таксама павіншавала праваабаронцу і яго сям’ю:
— …гэтая ўзнагарода — яшчэ і прызнанне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забеспячэнне міру і правоў чалавека. Таму я віншую кожнага, хто абраў гэта справай свайго жыцця. На жаль, пра ўручэнне Нобелеўскай прэміі Алесь не даведаўся імгненна разам з намі. Ён не прыедзе ў Осла з нобелеўскай прамовай, бо Алесь Бяляцкі, як і тысячы беларусаў, знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым з’яўляецца пагрозай міру і свабодзе беларускага народа. Гэта далёка не першы выпадак, калі прэмію міру атрымлівае чалавек, які знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Але гэта першы выпадак, калі ўся Беларусь ганарыцца нобелеўскім лаўрэатам у турме.
Украіна ці Бяляцкі: у кожнага свой тып бяды, адчаю і гора
Прэмія Алесю Бяляцкаму вельмі важная для беларусаў, але атрымаць яе павінна была Украіна, лічыць палітолаг Павел Усаў.
— Бо ніхто не зрабіў столькі для таго, каб свет зразумеў важнасць свабоды і дэмакратыі, як Украіна. Украінскі народ яшчэ раз давёў чалавечай цывілізацыі, што любы, нават малы, кампраміс са злом абарочваецца катастрофай і вялікай крывёю. Гэта было б справядліва і годна з кожнага пункту гледжання. Шкада, што Нобелеўскі камітэт гэтага не разумее. Але той факт, што Алесь Бяляцкі атрымаў гэтую ўзнагароду, таксама вельмі важны, перш за ўсе для саміх беларусаў, для ўмацавання іх духу барацьбы, як супраць рэжыму Лукашэнкі, так і расійскай агрэсіі. Гэта важна для нашай дзяржаўнасці, для нашага светапогляду і філасофіі, якая паказвае, што мы не частка расійскага свету, але самадастатковая і годная нацыя. Нацыя, якая ўсімі магчымымі сродкамі дапамагае Украіне змагацца са злом і не стаіць на баку цемры. Слава Украіне! Жыве Беларусь!
У сацсетках таксама можна знайсці незадаволенасць Нобелеўскім камітэтам. Нават сярод афіцыйных асоб Укріаны. Бо беларусы нібыта зрабілі мала, каб прадухіліць вайну. На гэтую незадаволенасць у сваім віншаванні адказаў праваабаронца Андрэй Стрыжак.
— Адначасовае ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, Цэнтру грамадзянскіх свабод і праваабарончаму цэнтру “Мемарыял” — гэта акт падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі, Украіны і Расіі. Гэта сігнал да ўсіх тых, хто ў трох краінах супрацьстаіць дыктатуры, гвалту і вайне.
Праваабаронцы трох краін зараз працуюць ва ўмовах вайны. Гэта не значыць, што можна ставіць знак роўна паміж тымі задачамі, якія выконваюць зараз украінскія, беларускія і расійскія праваабаронцы. У кожнага свой тып бяды, адчаю і смяротнага гора, з якім прыходзіцца працаваць сёння. Але дакладна можна сказаць, што мэты ў гэтых людзей аднолькавыя — вольныя, дэмакратычныя, справядлівыя грамадствы ў якіх людзі адказныя за сябе і свае рашэнні.
…Выдатна разумею, што не буду пачуты большасцю, але пройдзе час, мы вернемся да пытання, як нам усім далей жыць на гэтай планеце і рабіць так, каб правы чалавека не былі дробнай манетай у руках вялікіх і непадкантрольных чалавеку "дзяржаўных інтарэсаў".
Менавіта грамадзянская супольнасць, арганізаваная людзьмі ў сваіх інтарэсах, здольная прымусіць уладу быць такой, якой яна патрэбная людзям. Менавіта таму Нобелеўскі камітэт узнагародзіў тых, хто шмат робіць для таго, каб “не народ быў для ўрада, а ўрад быў для народа”, як казаў Кастусь Каліноўскі.
“У лістах да мяне Алесь заўсёды піша, што ўсё ў яго нармальна”
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук таксама пракаментавала узнагароду мужа.
— Я толькі што, будучы ў дарозе, даведалася пра Нобелеўскую прэмію для Алеся. Мяне перапаўняюць эмоцыі, трэба сабрацца з думкамі. Але перш за ўсё я выказваю вялізную ўдзячнасць Нобелеўскаму камітэту і сусветнай супольнасці за прызнанне працы Алеся, яго паплечнікаў і яго арганізацыі.
Яна расказала, што атрымлівае лісты ад Алеся Бяляцкага, але пра падрабязнасці яго жыцця там нічога няма.
— У лістах да мяне Алесь заўсёды піша, што ўсё ў яго нармальна, не скардзіцца на здароўе. 4 кастрычніка ад яго быў апошні ліст, сярод іншага ён пісаў у ім пра свой 60-гадовы юбілей, які сустрэў за кратамі 25 верасня: “Дзіўны юбілей, ціхі і спакойны, нешта на юбілеі мне не шанцуе. Не верыцца, што мне 60 год, здаецца, гэта не мне, а камусьці іншаму”. Алесь меў на ўвазе, што і свае 50 год ён сустрэў у турме.
Павіншаваць палітвязня можна па адрасе: СІЗА-1, Валадарскага, 2, Мінск, 220030, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.