Гісторык пра 17 верасня: трэба параўноўваць, і тады вымалёўваецца праўда

Гісторык пра 17 верасня: трэба параўноўваць, і тады вымалёўваецца праўда

Гісторык Ігар Мельнікаў, з аднаго боку, рады, што беларусы нарэшце звернуць увагу на падзеі 17 верасня, вывучэнню якіх ён прысвяціў як даследчык шмат сваёй увагі. Але ж, вывучаючы іх, не варта тыражаваць толькі савецкія стэрэатыпы. Пра гісторыю трэба гаварыць параўноўваючы.

— Сённяшнія ідэолагі робяць вялікую памылку, ствараючы акцэнт толькі на негатыве Заходняй Беларусі, ні слова не кажучы пра БССР. Трэба ўсё параўноўваць, і тады вымалёўваецца праўда. Так, трэба расказваць пра жудаснае месца ізаляцыі ў Бярозе Картузскай [лагер, створаны польскімі ўладамі для ізаляцыі праціўнікаў рэжыму — камуністаў, беларускіх нацыяналістаў, палітычных апанентаў Пілсудскага. — Еўрарадыё]. Але ў гэты ж час існуе ГУЛАГ, вялікая колькасць беларусаў едуць у гэтыя лагеры, і больш мы пра іх нічога не ведаем.

Грамадства павіннае ведаць гісторыю Заходняй Беларусі і разумець трагедыю.

— І каб памежнікі разумелі, што 17 верасня іх калегі штурмавалі польскія стражніцы, што былі баі, былі страты з двух бакоў, — кажа Мельнікаў у эфіры Еўрарадыё.

Ён падкрэслівае: у Сталіна не стаяла задачай аб’яднанне беларусаў.

— У яго стаяла задача зрабіць сусветную рэвалюцыю і рукамі Гітлера і заходніх дэмакратый так званых выцягнуць сабе бонусы. Таму Вільня пайшла ў Літву, таму Беласток пасля вайны пайшоў у Польшчу.

Адзінства на трагедыі не пабудуеш, кажа Мельнікаў. Яго, на думку гісторыка, можна пабудаваць на гісторыях беларусаў у войску польскім, якія пад Варшавай разам з палякамі і ўкраінцамі біліся супраць нацыстаў з першага дня Другой сусветнай вайны.

— Ці на трагедыі беларускіх капаўцаў [Корпус аховы памежжа. — Еўрарадыё], якія раніцай 17 верасня сустрэлі сваіх братоў з Чырвонай Арміі — так, яны лічылі беларусаў братамі. Мне часта патрапляюцца дакументы, у якіх сказана, што, калі іх высылалі на мяжу, яны казалі: мы у сваіх страляць не будзем.

Гісторык лічыць, што выбар даты 17 верасня для святкавання Дня народнага адзінства — гэта не ініцыятыва беларускіх уладаў. Раней яны не звярталі ўвагі на гэты дзень. Цяпер жа Мельнікаў даведаўся, што проста цяпер ягоныя кніжкі, прысвечаныя гэтай тэме, выстаўляюцца на выставе ў Мінску.

— Гэта выдатна, добра, бо гэтыя кніжкі напісаныя менавіта для беларускай дзяржавы, а не на заказ.

Поўную размову з гісторыкам пра 17 верасня глядзіце на канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі