Гісторык: У беларускіх гарадах былі свае вуліцы “чырвоных ліхтароў”!

120418 Ramanau_site.mp3

Еўрарадыё: Ці сапраўды абапал вуліцы стаялі толькі чырвоныя ліхтары?


Сяргей Раманаў: Гэта, хутчэй, вобразнае акрэсленне. Мы ж ведаем, што раён “чырвоных ліхтароў” ёсць у Амстэрдаме, ведаем, пра што ідзе гаворка. Вуліца “чырвоных ліхтароў”, вядома ж, існавала і ў Гародні – на такія рэчы заўсёды быў попыт, гэта частка нашай рэчаіснасці. Раней проста не звярталі на гэта ўвагі. Цяпер пачалі гэта вывучаць, бо гэта ж таксама гісторыя.


Еўрарадыё: У якім раёне была гэтая вуліца, і ў якія часы гэтая з’ява найбольш квітнела?


Сяргей Раманаў: Як я ўжо казаў, попыт на прастытуцыю існаваў ва ўсе часы. Як жартавалі ў адным савецкім фільме – гэта найстарадаўнейшая прафесія.


Еўрарадыё: Кажуць, што гэтая прафесія нават старэйшая за прафесію журналіста...


Сяргей Раманаў: Напэўна... (Смяецца.) Калі казаць пра найбольшы росквіт – то гэта, безумоўна, перыяд Расійскай Імперыі, калі ўлады зразумелі, што з прастытуцыяй няма як змагацца, і легалізавалі яе. Паліцэйскія пільна наглядалі за прастытуткамі, каб тыя нічым іншым апроч сваёй справы не займаліся. Тагачасныя санстанцыі таксама рабілі нагляд. Хутчэй за ўсё, гэта было ў цэнтры. Калі выбіраць вуліцу, якая б была гарадзенскім адпаведнікам амстэрдамскай вуліцы “чырвоных ліхтароў” – гэта, безумоўна, будзе Падольная. Той раён быў найбольш “маргінальны”: там існавалі корчмы, шынкі, бардэлі, ў сучасным разуменні гэтага слова. У крыніцах яны называюцца “публічныя дамы”, “дамы гасціннасці”, “дамы сустрэч”.


Еўрарадыё: Напэўна, расійскія войскі, якія там стаялі, былі асноўнымі кліентамі ў гэтых дамах. А хто з карэнных жыхароў наведваў іх? Які кантынгент?


Сяргей Раманаў: Безумоўна, войскі і вайсковыя гарнізоны былі ідэнтыфікатарамі гэтай справы. У першую чаргу на іх былі арыентаваныя такія паслугі. Куды пераязджалі войскі – там зараз жа на суседніх вуліцах пачыналі будаваць шынкі і публічныя дамы. У другой палове ХІХ стагоддзя існавала каля пяці публічных дамоў, у якіх працавалі да васьмідзесяці асобаў, якія займаліся прастытуцыяй. Гэта толькі “вяршыня айсбергу”, бо прастытуцыя ў большасці выпадкаў існавала падпольна. Існавалі яшчэ і “элітныя” прастытуткі, якія працавалі на кватэры, мелі вузкае кола кліентаў, якое іх спансаравала. Нельга сказаць, што прастытуцыя функцыянавала ў нейкім пэўным сацыяльным ці прафесійным коле. Як і любы тавар таго часу, паслугі прастытутак мелі розную якасць і, адпаведна, прызначаўся для розных сацыяльных класаў, станаў і груп. Гэта было даступна абсалютна ўсім.


Еўрарадыё: А што засталося ад гэтага “айсбергу” сёння? Што вы будзеце паказваць людзям?


Сяргей Раманаў: Тэматыка маёй экскурсіі, вядома ж, шырэйшая, чым проста “вуліца чырвоных ліхтароў”. Экскурсія называецца “Маргінальная Гародня”. Гэта ўключае не толькі прастытуцыю, але і месцы зняволення, розныя так званыя “злачныя” месцы: корчмы, шынкі, кабакі і шмат чаго іншага. Шмат народу былі прафесійна звязаныя з такімі месцамі.


Еўрарадыё: Ці засталіся тыя будынкі, і ці ёсць у іх тыя элементы, што нагадваюць пра такую мінуўшчыну.


Сяргей Раманаў: Будынкі засталіся, толькі, вядома ж, яны маюць іншыя прызначэнні. Вельмі папулярным месцам у міжваенны час была сучасная вуліца Паўлоўскага. Там таксама былі бардэлі. Шыкоўны бардэль быў у будынку сучаснай кавярні “Піцца. Кава”.


Еўрарадыё: Гэтая з’ява была характэрная толькі для Гародні?


Сяргей Раманаў: Кожны вялікі горад прыцягваў большыя рэсурсы. Таксама і такія. Прастытуцыя развівалася найбольш у губернскіх гарадах. Цэнтрам прастытуцыі, безумоўна, у Расійскай Імперыі быў Санкт-Пецярбург. Там прастытуцыя была пастаўленая на канвеер. А Гродна – паводле перапісу насельніцтва 1897 года, на тэрыторыі Гродзенскай губерні прастытуцыю ў якасці сваёй асноўнай прафесіі засведчылі 159 асоб. У тым ліку, 57 асоб з іх – жыхары Гародні, а дзесяць з іх былі мужчынамі.


Еўрарадыё: А паслугі яны аказвалі жанчынам ці тым жа вайскоўцам?


Сяргей Раманаў: Крыніцы пра гэта маўчаць. Ёсць таксама статыстыка па этна-канфесійным складзе саміх прастытутак. Больш за палову іх – 51% – складалі полькі, 33% – габрэйкі, 11% – беларускі, 3% - немкі, і 2% – рускія.
 

Еўрарадыё: Ці чулі вы, можа, у чыноўніцкіх кабінетах нейкія ідэі, аднавіць такую вуліцу. Можа, седзячы ў той кавярні, вы самі думалі, што "няма таго, што раньш было"...


Сяргей Раманаў: Я чуў такія правакацыйныя думкі ад сяброў, якія казалі: “Давай адновім тое, што даўней тут было...” Можна было б аднавіць адну з вуліц, але зрабіць там музей прастытуцыі, напрыклад. Гэта было б цікава. Мабыць, у гэты музей хадзіла б больш людзей чым, не раўнуючы, у музей гісторыі рэлігіі. Наколькі рэальна надаць цяпер прастытуцыі заканадаўчую базу – ідэя мае пад сабой рацыянальную думку, бо пакуль існуе попыт на прастытуцыю, тая будзе існаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі