Гісторык: У СССР палітвязняў рэабілітавалі, у цяперашняй Беларусі — не!

 120416 Kuzniacou s.mp3

Еўрарадыё: Як катавалі зняволеных у сталінскія часы?


Ігар Кузняцоў: Я паспрабую адказаць кароткай рэплікай: тыя формы і метады, што прымянялі ў часы сталінскага тэрору, прымяняюцца ў той ці іншай ступені і цяпер. А мы сёлета адзначаем 75-ю гадавіну 1937 года — піку рэпрэсій. Тое, што рабіла НКУС, паводле жорсткасці ні з чым параўнаць нельга. Я знайшоў больш за сто метадаў катаванняў, якія ўжываліся. Умоўна можна вылучыць тры групы:


гэта маральна-псіхалагічны ціск; гэта псіхіятрычныя метады, якія прымяняліся тады і прымяняюцца цяпер; і найбольш жорсткія — гэта фізічныя катаванні. Я назаву некалькі, каб хтосьці мог сабе ўявіць...
Маральна-псіхалагічны метад — гэта калі зняволенаму прад’яўляюцца дакументы на арышт блізкіх і сваякоў, калі змушаюць данесці на іншых, бо тыя — праўдзівыя ворагі, а ён аб гэтым не ведаў; выкарыстоўванне кампраматаў, абяцанне дапамагчы з нейкімі справамі, пагрозы, што заб’юць зняволенага і сваякоў... Я сустракаў, што без следства чалавека садзілі ў камеру смяротнікаў і ажно да імітацыі расстрэлу. Гэтыя метады прыніжаюць чалавечую годнасць, нягледзячы на тое, якое злачынства той учыніў.


Псіхіятрычныя метады — гэта выкарыстоўванне лекаў і наркатычных сродкаў. Фізічныя катаванні залежылі ад багацця ўяўленняў кожнага са следчых КДБ. Гэта — гарачыя ці халодныя сутарэнні. У гарачых сутарэннях пры тэмпературы да +60 °C, у халодных – пры нулявой тэмпературы чалавека змяшчалі без вопраткі на доўгі час. Гэта і сцісканне чэрапа, калі галаву сціскалі шпагатам, што прычыняла моцны боль. Прымянялі і “кітайскі” спосаб, калі да зняволенага прыстаўлялі трубу, а ў яе садзілі галоднага пацука. Гэта і бочка, утыканая цвікамі, і душ халодны-гарачы... А найпрасцейшы ды найтаннейшы спосаб — гэта трымаць чалавека без перапынку, без ежы, без адпачынку да 24 гадзін. Фізічна чалавек больш за 24 гадзіны не вытрывае такога катавання. Гэта і “наезнік”, калі чалавеку звязвалі рукі-ногі за спінай. Гэта розныя пабоі: удары пугаю, дубінкай, кавалкам трубы. Гэты спіс можна працягваць і працягваць.


Еўрарадыё: Андрэй Саннікаў расказваў, што яго сапраўды шантажавалі лёсам ягоных блізкіх.


Ігар Кузняцоў: Гэта і кажа, што цяпер метады тыя самыя. Мабыць, метады ўдасканальваюцца, але нічога новага яны прыдумаць ужо не могуць. Метады апрабаваныя ў сістэме.


Еўрарадыё: А тое, што Сяргея Каваленку кармілі праз зонд...


Ігар Кузняцоў: Метады каральнай медыцыны таксама выкарыстоўваліся ў савецкі час. Пасадзіць многіх дысідэнтаў не ў турму, а ў псіхіятрычныя ўстановы пад выглядам, што тыя страцілі памяць ці яшчэ што — да іх таксама ўжываліся тыя псіхатропныя прыёмы. Цяпер мы назіраем тое самае. Таму я нічога новага не бачу. Мы жывем ужо ў іншай дзяржаве, і ў мяне проста не хапае словаў, каб даць ацэнку гэтай з’яве.


Еўрарадыё: У 1937 годзе рэпрэсіі дайшлі і да саміх нкусаўцаў. Ці метады, што да іх прымяняліся, адрозніваліся ад звычайных?


Ігар Кузняцоў: Тыя, хто працаваў у падобных структурах у Германіі, у дачыненні да сваіх не прымянялі такіх жорсткіх метадаў. Але ў нас сістэма была пабудаваная інакш: ты кат, а заўтра ты ахвяра. Яны здзекаваліся са сваіх ахвяр, потым аказваліся ў гэтай жа камеры і іх калегі ўжывалі да іх тыя самыя метады. Гэтая сістэма пажырала сама сябе. І яна прыбірала ўсіх сведкаў таго тэрору. Гестапа шукала праўдзівых ворагаў Трэцяга рэйху і выяўляла іх, а НКУС змагалася з уяўнымі ворагамі. Таму гэта былі зусім розныя падыходы. Калі адбываецца працэс рэабілітацыі, то амаль 100% людзей аказваюцца невінаватымі.


Еўрарадыё: Ці сапраўды сталася так, што былыя функцыянеры НКУС былі рэабілітаваныя ў першую чаргу?


Ігар Кузняцоў: Падчас першай хвалі рэабілітацый у 50-я гады ХХ стагоддзя рэабілітавалі ў першую чаргу былых савецкіх кіраўнікоў, не чапалі працаўнікоў НКУС. Мы маем не шмат выпадкаў, калі супрацоўнікаў НКУС рэабілітоўвалі. Хаця спробы такія былі. Насцярожвае іншае. Шэраг катэгорый у Беларусі дагэтуль не рэабілітаваныя. Гэта замежныя грамадзяне, гэта ваеннапалонныя... Яны не трапілі пад рэабілітацыю. Тыя, хто быў асуджаны паводле палітычных матываў (дарма што ў нас няма такога артыкулу ў карным кодэксе, але мы ведаем, як гэта ўсё маніпулюецца), то ў гэтым выпадку ніхто не рэабілітаваны — нехта памілаваны, выпушчаны... А па справах 1930-х гадоў большасць рэабілітаваная. Гэта характэрная асаблівасць сённяшняга дня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі